2016-10-05 13:12:00

Папа: няхай Бог благаславіць Арменію, Грузію і Азербайджан


Свайму візіту ў Грузію і Азербайджан прысвяціў Пантыфік агульную аўдыенцыю, якая прайшла 5 кастрычніка 2016 г. у Ватыкане, з удзелам 25 тыс. чалавек. Ён пажадаў народам Каўказа міру і ўзаемнай павагі, падкрэсліўшы, што яго трохдзённае Апостальскае падарожжа, якое завяршылася ў мінулую нядзелю, стала працягам чэрвеньскай пілігрымкі ў Арменію.

Францішак падзякаваў арганізатарам візіту, біскупам, святарам, кансэкраваным асобам і вернікам з гэтых краін, якія, па яго словах, далі яму адчуць сваю гарачую любоў. Ён прызнаўся, што яго мэтай было ўмацаванне мясцовага Касцёла і падтрымка імкнення народаў да міру і братэрства.

“Абедзве гэтыя краіны маюць вельмі даўнія гістарычныя карані, культурныя і рэлігійныя, але ў той жа час перажываюць новы этап: абедзьве святкуюць сёлета 25-годдзе сваёй незалежнасці, пасля прабывання большую частку ХХ стагоддзя ў падпарадкаванні савецкага рэжыму. І на дадзеным этапе яны сутыкаюцца са шматлікімі цяжкасцямі ў розных сферах грамадскага жыцця. Каталіцкі Касцёл закліканы прысутнічаць, быць побач, асабліва ў імя міласэрнасці і чалавечага развіцця. Ён імкнецца рабіць гэта ў зносінах з іншымі Цэрквамі і хрысціянскімі супольнасцямі і ў дыялогу з іншымі рэлігійнымі супольнасцямі, будучы ўпэўненым, што Бог ёсць Айцец усіх, і мы ўсе браты і сёстры”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што місія католікаў у Грузіі, натуральна, уключае ў сябе супрацоўніцтва з праваслаўнымі, якія складаюць пераважную большасць насельніцтва. “Важнай прыкметай” Святы Айцец назваў той факт, што ў аэрапорце Тбілісі яго сустракаў не толькі Прэзідэнт рэспублікі, але і Патрыярх Ілля II.

Знакавым фактам для Папы было правядзенне св. Імшы з грузінскімі католікамі лацінскага, армянскага і асірыйска-халдэйскага абрадаў ва ўспамін св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, апякункі місій. “Гэта нагадвае нам пра тое, што рэальная місія ніколі не будзе празелітызмам, але захапленнем Хрыстом, пачынаючы ад моцнага саюзу з Ім у малітве, сузіранні і канкрэтнай міласэрнасці, што з’яўляецца служэннем Езусу, прысутнаму ў самых малых з братоў. Гэта тое, што робяць законнікі і законніцы, якіх я сустрэў у Тбілісі, а затым у Баку: робяць гэта праз малітву, дабрачынную працу і ініцыятывы на карысць чалавечага развіцця. Я заклікаў іх быць моцнымі ў веры, праз памяць, мужнасць і надзею. Ёсць таксама хрысціянскія сям’і: наколькі каштоўным з’яўляецца іх прысутнасць гасціннасці, суправаджэння, праніклівасці і ўключэння ў супольнасць!”, - падзяліўся Пантыфік.

Менавіта такі “стыль евангельскай прысутнасці” неабходны ў Азербайджане, дзе большасць насельніцтва складаюць мусульмане, а католікаў некалькі соцень, лічыць Францішак. І ў мясцовых каталіцкіх вернікаў гэта атрымліваецца: “яны маюць добрыя адносіны з усімі”. Асабліва братэрская сувязь у іх з праваслаўнымі. Эўхарыстыя і міжрэлігійная сустрэча, якія прайшлі ў сталіцы Азербайджана, паводле Пантыфіка, гэта тое, што дапамагае “захаванню веры ў правільных суадносінах”. Падчас Эўхарыстыі з каталіцкай супольнасцю Дух “гарманізаваў розныя мовы і даў сілу сведчання”. Такія зносіны ў Хрысце “не з’яўляюцца перашкодай, а хутчэй заахвочваннем да імкнення да сустрэчы і дыялогу з усімі, хто верыць у Бога, каб сумеснымі намаганнямі ствараць свет больш справядлівы і братэрскі”, - адзначыў Святы Айцец. Ён нагадаў пра свой зварот да ўлад Азербайджана, каб адкрытыя пытанні маглі знайсці добрыя рашэнні, і ўсе народы Каўказа жылі ў міры і ўзаемнай павазе.

“Няхай Бог благаславіць Арменію, Грузію і Азербайджан, і суправаджае на шляху Яго Святы Народ ў гэтых краінах”, - завяршыў сваю катэхезу Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.