2016-10-05 14:40:00

Пантыфік і англіканскі Прымас правядуць сумесную малітву


Увечары 5 кастрычніка 2016 г. у касцёле св. Грыгорыя Вялікага ў Рыме папа Францішак узначаліць малітву Літургіі гадзін з удзелам прымаса Англіканскай Царквы, Архіепіскапа Кентэрберыйскага Джасціна Уэлбі. Нагодай для сумеснай малітвы стане святкаванне 50-годдзя заснавання англіканскага цэнтра ў Рыме.

Месца правядзення літургіі мае сімвалічнае значэнне: менавіта папа Грыгорый Вялікі ў 597 г. падрыхтаваў і благаславіў евангелізацыйную місію св. Аўгустына Кентэрбэрыйскага ў Англіі, якая завяршылася хростам мясцовага насельніцтва.

Нешпары распачнуцца ў 18.00 і будзе ўтрымліваць фрагменты з Літургіі гадзін Каталіцкага Касцёла і Англіканскай Царквы. Падчас літургіі казанні прамовяць Святы Айцец і архіепіскап Кентэрберыйскі. Цэнтральнай часткай цэлебрацыі стане благаслаўленне і ўручэнне мандатаў 36 біскупам Міжнароднай каталіцка-англіканскай камісіі па еднасці і місіі. Яны накіроўваюцца для працы ў свае краіны па двое – адзін каталіцкі іерарх і адзін англіканскі – усяго 18 місій, тым самым адказваючы на заклік папы Францішка “ісці разам, нібы часткі адзінай сутнасці”.

Набажэнства ўпрыгожаць сваім спевам хоры Сікстынскай капэлы і Кентэрберыйскага кафедральнага сабора. На заканчэнне Папа і Архіепіскап Кентэрберыйскі падпішуць сумесную Дэкларацыю.

На наступны дзень, 6 кастрычніка 2016 г., у рамках быгучай пілігрымкі англіканскіх іерархаў у Рым запланаваны прыватная размова архіепіскапа Уэлбі са Святым Айцом, а таксама шэраг сустрэч з біскупамі і супрацоўнікамі Святога Пасаду.








All the contents on this site are copyrighted ©.