2016-10-04 12:46:00

Абаронцы сям’і дзякуюць Папу за ясныя словы


Асяроддзі, якія змагаюцца за правы сям’і ў Францыі ўдзячныя Францішку за яго ясныя словы адносна шкоднасці выхавання дзяцей паводле гендэрнай ідэалогіі. Папа казаў пра гэта 2 кастрычніка 2016 г. падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта на зваротным шляху з Азербайджана ў Рым. Ён спаслаўся ў прыватнасці на Францыю і мясцовыя падручнікі і назваў такі стан рэчаў “ідэалагічнай каланізацыяй”.

Словы Папы пацвердзіла Людавін дэ ла Рашэ, старшыня руху “Manif  Pour Tous”, які два гады таму вывеў на вуліцы мільёны французаў супраць легалізацыі так званых аднаполых саюзаў. Яна нагадала, што ў Францыі вучэбная праграма вельмі палітызаваная і ідэалагізаваная, асабліва ў дачыненні да гендэрнай тэорыі. Існуе нават адмысловы вэб-сайт, на які бацькі дасылаюць паведамленні аб выпадках ідэалагічнай апрацоўкі ў падручніках і кнігах, рэкамендаваных міністэрствам. Маштабы гэтай з’явы велізарныя. Гэта ўжо ўплывае на дзяцей, выхоўваючы іх у вялікай блытаніне – адзначыла дэ ла Рашэ. Заяву Папы яна ўспрыняла ў якасці знаку ўдзячнасці і заахвочвання, каб працягваць барацьбу за сям’ю.

Катэгарычныя словы Францішка адносна гендэрнай ідэалогіі сустрэліся з цвёрдым адказам з боку французскага міністра адукацыі. Яна прызналася, што не чакала такой рэакцыі Папы і назвала яго ахвярай кампаніі па дэзінфармацыі. “Я раззлаваная”, - сказала Наджад Вало-Белкасэм.

Заяву Пантыфіка пракаментаваў таксама прадстаўнік французскага епіскапату. “Пэўныя палемікі з’яўляюцца пустымі і беспадстаўнымі. Каб пераканацца ў гэтым, трэба проста прачытаць, што сказаў Папа”, - заявіў кс. Аліўе Рыбадо Дзюма.








All the contents on this site are copyrighted ©.