2016-10-02 16:04:00

Пантыфік сустрэўся з палітычным кіраўніцтвам Азербайджана


Святы Айцец пажадаў, каб з Божай дапамогай і дзякуючы добрай волі бакоў на Каўказе былі пераадолены супярэчнасці і ён стаў прыкладам вырашэння старых і новых канфліктаў. Аб гэтым Пантыфік казаў 2 кастрычніка 2016 г. падчас сустрэчы з азейбаджанскімі палітыкамі, грамадскімі дзеячамі і прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў краіне. Яна прайшла ў культурным цэнтры імя Гейдара Аліева ў Баку.

Сустрэчы папярэднічала прыватная размова Францішка з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым, а таксама цырымонія ўскладання кветак да помніка загінулым за незалежнасць краіны.

Папа заўважыў, што шлях ўмацавання палітычных інстытутаў, сацыяльнага і эканамічнага росту краіны патрабуе пастаяннай ўвагі да найбольш патрабуючых і магчымы толькі ва ўмовах узаемапавагі і супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі розных культур і рэлігій, а таксама паміж краінамі.

Святы Айцец выказаў сваю блізкасць усім, хто быў вымушаны пакінуць краіну па прычыне крывавых канфліктаў. Ён высока ацаніў гарманічныя адносіны, якія ўдаецца будаваць нешматлікай мясцовай каталіцкай супольнасці з мусульманамі, праваслаўнымі і яўрэямі. 

“Прыхільнасць да сапраўдных рэлігійных каштоўнасцей несумяшчальна са спробамі сілай навязваць іншым уласныя погляды, прыкрываючыся іменем Бога”, - нагадаў Папа і пажадаў, каб “вера ў Бога была крыніцай і натхненнем для ўзаемапаразумення і павагі, для дапамогі адзін аднаму на карысць агульнага дабра грамадства”.








All the contents on this site are copyrighted ©.