2016-09-30 16:48:00

Святы Айцец памаліўся аб міры на Блізкім Усходзе


Малітвай за хрысціян Блізкага Усходу разам з супольнасцю Халдэйскай Каталіцкай Царквы папа Францішак завяршыў першы дзень свайго падарожжа ў Грузію. Яна прайшла вечарам 30 верасня 2016 г. у тбіліскай халдэйскай царкве св. Сымона Персідскага. 

Тут Пантыфіка прывітаў Патрыярх Вавілоніі арцыбіскуп Луіс Рафаэль І Сако, які прыбыў з Багдаду разам з некаторымі іншымі іерархамі – удзельнікамі Сінода Халдэйскай Каталіцкай Царквы. У малітве прынялі ўдзел каля 300 чалавек, сярод якіх былі як мясцовыя вернікі, так і хрысціяне з Іраку і Сірыі.

У сваёй малітве Папа прасіў Езуса аб перамозе над зацвярдзеласцю сэрцаў “нявольнікаў нянавісці і эгаізму”, аб знікненні культуры смерці і трыўмфе жыцця.

“Пане Езу, з’яднай свой крыж з пакутамі шматлікіх нявінных ахвяраў: дзяцей, старых, хрысціян, якія падвяргаюцца пераследу; атулі сваім пасхальным святлом, глыбока параненых: людзей, якія падвяргаюцца злоўжыванням, пазбаўленых свабоды і годнасці; дазволь адчуць трываласць Твайго Валадарства тым, хто жыве ў няўпэўненасці: сасланым, бежанцам, згубіўшым смак жыцця”, - казаў Папа.

Святы Айцец заклікаў, каб народы, якія знаходзяцца ў стане вайны навучыліся шляхам прымірэння, дыялогу і прабачэння.

Пасля ўдзялення прысутным благаслаўлення Пантыфік накіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Тбілісі, дзе правядзе бліжэйшую ноч. 








All the contents on this site are copyrighted ©.