2016-09-30 13:30:00

Святога Айца прывіталі ў тбіліскім аэрапорце


Цырымонія прывітання папы Францішка прайшла 30 верасня 2016 г. у Міжнародным аэрапорце Тбілісі. У 14.55 па мясцовым часе самалёт італьянскай авіякампаніі “Alitalia” з Пантыфікам на борце прызямліўся на грузінскай зямлі.

У прысутнасці ганаровай варты Святога Айца сустрэлі Прэзідэнт краіны Георгій Маргвелашвілі і Каталікос-Патрыярх усяе Грузіі Ілья ІІ. На цырымоніі прывітання прысутнічалі таксама прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, Апостальскі нунцый у Грузіі, Арменіі і Азербайджане арцыбіскуп Марэк Сальчынскі, Апостальскі адміністратар для Каўказа біскуп Джузэпэ Пасота, ардынарый для армян-католікаў ва Усходняй Еўропе архіепіскап Рафаэль Мінасян, група вернікаў і хор.

Двое дзяцей, апранутых у нацыянальныя касцюмы, паднеслі Францішку кошык з вінаградам. Затым былі выкананы гімны Ватыкана і Грузіі і адбылося прадстаўленне афіцыйных дэлегацый. Святы Айцец, прадстаяцель Грузінскай Праваслаўнай Царквы і кіраўнік дзяржавы правялі кароткую размову ў Прэзідэнцкай зале аэрапорта.

Пасля гэтага аўтамабіль з Пантыфікам накіраваўся ў Прэзідэнцкі палац. Тут пройдзе прыватная сустрэча Францішка з Георгіем Маргвелашвілі, пасля якой Святы Айцец звернецца да прадстаўнікоў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Грузіі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.