2016-09-29 12:53:00

Папа выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Шымона Перэса


Аб сваіх малітвах за былога Прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса, яго сям’ю і народ Ізраіля паведаміў папа Францішак у спачувальнай тэлеграме пасля смерці гэтага выдатнага дзяржаўнага дзеяча. Пантыфік даслаў яе на імя Прэзідэнта Дзяржавы Ізраіль Рэўвена Рыўліна.

“Я глыбока засмучаны весткай пра смерць Яго правасхадзіцельства Шымона Перэса, і хачу выказаць вам і ўсяму народу Ізраіля шчырыя спачуванні. Я цёпла ўзгадваю моманты, праведзеныя са спадаром Перэсам у Ватыкане, і хачу зноў выказаць сваю глыбокую ўдзячнасць за нястомныя намаганні памерлага Прэзідэнта на карысць міру”, - напісаў Святы Айцец. 

Францішак выказаў надзею, што памяць пра Шымона Перэса і яго доўгія гады службы будуць натхняць усіх да больш і больш устойлівай працы на карысць міру і паяднання паміж народамі. Менавіта такім чынам можна аддаць пашану яго спадчыне, а агульнае дабро, для якога так старанна працаваў, знойдзе новыя формы выказвання ў часы, калі чалавецтва спрабуе ісці на перад па шляху трывалага міру, лічыць Пантыфік.

Нобелеўскі лаўрэат, былы Прэзідэнт Ізраіля і кіраўнік ураду, ураджэнец Беларусі Шымон Перэс адышоў у вечнасць у ноч з аўторка на сераду 28 верасня ва ўзросце 93 гадоў. 

Францішак прымаў Шымона Перэса ў Ватыкане 20 чэрвеня 2016 г. Палітык абмеркаваў у той час з Пантыфікам праблемы міжнароднага тэрарызму, з’яву кровапраліцця ў імя рэлігіі і спосабы ўстанаўлення міру на Блізкім Усходзе. 

Таксама 8 чэрвеня 2014 г. Перэс прымаў удзел у арганізаванай па ініцыятыве Францішка ў Ватыканскіх садах малітве за мір у Святой Зямлі і ў свеце, разам з Прэзідэнтам Палестыны Махмудам Абасам і Патрыярхам Канстантынопальскім Барталамеем І. 








All the contents on this site are copyrighted ©.