2016-09-28 13:30:00

Апостальская Сталіца падтрымлівае намаганні МАГАТЭ


На 60-й Генеральнай канферэнцыі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) была агучана пазіцыя Святога Пасаду адносна выклікаў, якія стаяць перад светам у сувязі з пытаннямі, якія рэгулюе арганізацыя. Кс. Антуан Камільеры, намеснік сакратара па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі нагадаў заклік папы Францішак, працаваць на карысць свету, свабоднага ад ядзернай зброі. 

Для таго, каб адэкватна рэагаваць на выклікі ХХІ стагоддзя, неабходна замяніць страх і недавер на этыку адказнасці, шматбаковы дыялог і паслядоўнае і адказнае супрацоўніцтва на ўзроўні міжнароднай супольнасці, адзначыў ватыканскі дыпламат і падкрэсліў, што Святы Пасад у сувязі з гэтым высока ацэньвае і падтрымлівае дзейнасць МАГАТЭ.

Мірнае выкарыстанне ядзерных тэхналогій дазваляе многім дзяржавам наблізіцца да дасягнення сваіх мэтаў у галіне развіцця і адказнага кіраўніцтва людскімі і прыроднымі рэсурсамі, паляпшэння якасці жыцця мільёнаў людзей, заўважыў святар. Навукова-даследчая дзейнасць МАГАТЭ і праекты тэхнічнага супрацоўніцтва працягваюць прыносіць абнадзейлівыя вынікі і пазначаць інавацыйныя шляхі вырашэння праблем, якія закранаюць вялікую колькасць людзей у іх паўсядзённым жыцці.

Падчас свайго шырокага выступлення дыпламат адзначыў таксама, што сёння існуюць сферы, якія патрабуюць тэрміновай увагі. Значна больш павінна быць зроблена ў напрамку ядзернай бяспекі, каб паменшыць рызыка ўзнікнення аварый, ядзернага тэрарызму і незаконнага распаўсюджвання ядзерных матэрыялаў.

Для Апостальскай Сталіцы, заўважыў ватыканскі дыпламат, няроўнасць і ядзерная зброя пераплятаюцца паміж сабой. Выдаткі на апошнюю з’яўляюцца памылкай і нерацыянальным выкарстаннем рэсурсаў, якія будуць значна больш эфектыўнымі, калі стануць інвестыцыяй у цэласнае чалавечае развіццё, адукацыю, ахову здароўя і барацьбу супраць крайняй галечы. Менавіта бедныя і слабыя плацяць цану назапашвання ядзернай зброі. Ядзернае стрымліванне і пагроза ўзаемнага гарантаванага знішчэння не могуць быць асновай для этыкі братэрства і мірнага суіснавання паміж народамі і дзяржавамі, паўтарыў думку папы Францішка кс. Камільеры.

Прадстаўнік Святога Пасаду спаслаўся на сітуацыю ў КНДР і прызнаўся, што ў Ватыкане яна разглядаецца з сур’ёзнай заклапочанасцю. Апостальская Сталіца выступае ў сувязі з гэтым за аднаўленне перамоў па дэнуклеарызацыі і дазволе МАГАТЭ аднавіць ядзерны кантроль у гэтай краіне.

Усе дзяржавы маюць права на гарантаванне нацыянальнай бяспекі. Але яна не можа разглядацца выключна з пункту гледжання ваеннага складніка. Гэта было б штучным спрашчэннем. Тут патрэбна сацыяльна-эканамічнае развіццё, удзел у палітычным жыцці, павага да фундаментальных правоў чалавека і вяршэнства закона, а таксама супрацоўніцтва і салідарнасць на рэгіянальным і міжнародным узроўнях.

Намеснік сакратара па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі запэўніў МАГАТЭ і міжнародную супольнасць у поўнай маральнай падтрымцы дзейнасці на карысць культуры жыцця, міру і салідарнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.