2016-09-27 13:00:00

Святы Пасад за поўную забарону ядзернай зброі


Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН заклікаў да выхаду з тупіка, у які зайшоў механізм раззбраення пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса выступіў 26 верасня 2016 г. на пленарным пасяджэнні ў Нью-Ёрку, прысвечаным Міжнароднаму дню барацьбы за поўную ліквідацыю ядзернай зброі.

Апостальскі нунцый нагадаў пра неаднаразовыя заклікі Пантыфікаў да эфектыўнай праскрыпцыі і недапушчэння атамнай вайны, а таксама “ўзаемнага тэрору” праз гонку ўзбраенняў. Святы Пасад лічыць, што ядзерная зброя прапануе “ілжывае пачуццё бяспекі”, а крохкі мір, абяцаны ядзерным стрымліваннем з’яўляецца “трагічнай ілюзіяй”. Мір і міжнародная стабільнасць не могуць быць заснаваны на пагрозе татальнага знішчэння; яны не могуць быць таксама толькі падтрыманнем балансу сіл. Як падкрэсліў папа Францішак, “мір павінен будавацца на прынцыпах справядлівасці, сацыяльна-эканамічнага развіцця, свабоды, павагі да правоў чалавека, удзелу ўсіх у грамадскіх справах і пабудове даверу паміж народамі”, - нагадаў ватыканскі дыпламат. 

Трывалы мір – гэта ўсеагульнае імкненне да паступовага і ўзгодненага ядзернага раззбраення. Апостальская Сталіца лічыць сваім маральным і гуманітарным доўгам прасоўванне намаганняў па дасягненні канчатковай мэты поўнай ліквідацыі ядзернай зброі. Дамовы ў галіне раззбраення з’яўляюцца абавязацельствамі не толькі юрыдычнымі, але і маральнымі, заснаванымі на даверы паміж дзяржавамі, сказаў арцыбіскуп Ауса.

Ядзерная зброя з’яўляецца глабальнай праблемай, дадаў іерарх, і яна ўплывае на ўсе краіны і ўсе народы, у тым ліку будучыя пакаленні. Таму і адказ на яе  павінен быць калектыўным і ўзгодненым, заснаваным на ўзаемным даверы. Акрамя таго, існуе рэальная небяспека таго, што ядзерная зброя і іншая зброя масавага знішчэння патрапіць у рукі экстрэмісцкіх тэрарыстычных груп і іншых гвалтоўных недзяржаўных суб’ектаў.

Прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН назваў “наіўным і блізарукім” меркаванне, што да міру і бяспекі ва ўсім свеце можна прыйсці з дапамогай ядзернай зброі, а не шляхам выкаранення крайняй галечы, павышэння даступнасці да паслуг аховы здароўя і адукацыі, а таксама прасоўвання мірных ініцыятыў, дыялогу і салідарнасці.

Ніхто не сцвярджае, што мір без ядзернай зброі лёгка дасягальны. Гэта надзвычай цяжка. Але няма ніякай альтэрнатывы бесперапыннай працы для дасягнення гэтай мэты, падкрэсліў ватыканскі дыпламат і працытаваў словы папы Францішка, які лічыць, што імкненне да міру і братэрства закаранёна глыбока ў чалавечым сэрцы, і гэта з’яўляецца закладам таго, што ядзерная зброя павінна быць забаронена раз і назаўсёды.








All the contents on this site are copyrighted ©.