2016-09-27 15:00:00

Пантыфік прыняў у Ватыкане яўрэйскую дэлегацыю


Выклік садзейнічання міру ва ўсім свеце і крызіс бежанцаў, гэта некаторыя з пытанняў, узнятых падчас сустрэчы папы Францішка з кіраўніцтвам Сусветнага яўрэйскага кангрэса. Яна адбылася 26 верасня 2016 г. увечары ў папскай рэзідэнцыі ў Доме св. Марты.

Пантыфік адзначыў, што Еўропа часта замыкаецца ў сабе і забываецца, што ўзбагацілася прысутнасцю эмігрантаў. Ёй не хапае крэатыўнасці. Святы Айцец адзначыў, акрамя таго, што наш кантынент перажывае рэзкае скарачэнне колькасці нараджэнняў і праблемы, звязаныя з высокім узроўнем беспрацоўя. “Нам неабходна разгледзець пытанне інтэграцыі, якая з’яўляецца важнай праблемай", - сказаў Францішак. На яго думку, людзі, якія здзейснілі тэракты ў Бельгіі не былі належным чынам інтэграваныя ў грамадства.

Папа чарговы раз падкрэсліў, што добры хрысціянін не можа быць антысемітам. Ён запрасіў хрысціян і юдэяў да супрацоўніцтва ў барацьбе з насіллем, што існуе ў свеце, каб зрабіць планету больш бяспечнай. У сувязі з надыходзячым Новым годам па яўрэйскім календары – Рош ха-Шана – Францішак пажадаў гэтаму народу ўсяго найлепшага.

Старшыня Сусветнага яўрэйскага кангрэса Рональд Лаудер падкрэсліў, што яўрэі на працягу ўсёй сваёй гісторыі мелі досвед быцця эмігрантамі і таму добра разумеюць сітуацыю сённяшніх уцекачоў і перасяленцаў. Яны таксама хочуць жыць у спакоі і моляцца за мір. Прадстаўнік яўрэйскай супольнасці падзякаваў Святому Айцу за яго нядаўні візіт у былы нацысцкі канцлагер “Аўшвіц” і рашэнне, каб ён праходзіў у поўным маўчанні.








All the contents on this site are copyrighted ©.