2016-09-26 11:09:00

Кардынал Кох: зроблены важны крок у дыялогу з праваслаўем


Важным крокам у дыялогу Каталіцкага Касцёла з праваслаўем назваў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, супольны дакумент аб сінадальнасці і першаснасці ў першым тысячагоддзі. Яго падпісанне з’яўляецца вынікам пасяджэння Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, якое праходзіла 16-21 верасня 2016 г. у італьянскім горадзе Кьеці.

“Упершыню за 10 гадоў стала зноў магчыма абвяшчэнне супольнага дакумента”, - заўважыў ватыканскі пурпурат у размове з журналістамі ў нямецкім Рэгенсбургу, паведамляе агенцтва “Kai”. Паводле яго слоў, гэта сведчыць аб жаданні абодвух бакоў працягваць дыялог, а таксама аб тым, што большасць вызнаўцаў праваслаўя не пагаджаецца з варожымі выказваннямі ў адрас экуменізму, якія прысутнічаюць у асобных Цэрквах.

Паводле кардынала Коха, сумесны каталіцка-праваслаўны дакумент з’яўляецца выразам упэўненасці Касцёла ў тым, што на ўсіх яго ўзроўнях: мясцовым, рэгіянальным і паўсюдным, павінен існаваць “protos” (першы), які аднак не прымае рашэнні сам, але па ўзгадненні з асобнымі Сінодамі.

Тэкст дакумента “Сінадальнасць і першаснасць у першым тысячагоддзі: на шляху да агульнага разумення дзеля служэння адзінству Царквы” не падпісалі толькі прадстаўнікі Грузінскай Праваслаўнай Царквы, якія ў асобным палажэнні прадставілі сваё бачанне некаторых яго раздзелаў.

Каментуючы запланаваны на 31 кастрычніка 2016 г. візіт Святога Айца ў Швецыю з нагоды мерапрыемстваў, прымеркаваных да 500-годдзя Рэфармацыі, кардынал Кох заўважыў, што гэта падзея, “канешне, не прывядзе да адзінства, але будзе чарговым крокам у яго напрамку”. 

Ён таксама выказаў надзею на тое, што пасля падпісанай у 1999 г. каталіцка-лютэранскай Сумеснай дэкларацыі аб дактрыне апраўдання (Joint Declaration on the Doctrine of Justification) у бліжэйшым часе з’явіцца новая: аб Касцёле, Эўхарыстыі і служэнні. Адпаведныя дакументы ў гэтай справе ўжо прадставілі католікі і лютэране Паўночнай Амерыкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.