2016-09-24 15:17:00

Беатыфікаваны нямецкі святар – мучанік Дахаў


Касцёл мае новага благаслаўлёнага – 24 верасня 2016 г. у нямецкім горадзе Вюрцбург адбылася беатыфікацыя кс. Энгельмара Унцайтыга, мучаніка канцэнтрацыйнага лагера Дахаў. Урачыстую беатыфікацыйную літургію ўзначаліў кардынал Анджэла Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. Новага благаслаўлёнага ён назваў “іскрай сапраўднай чалавечнасці ў цёмнай ночы нацысцкага тэрору”.

Кс. Энгельмар Унцайтыг нарадзіўся ў 1911 г. на тэрыторыі сучаснай Чэхіі. У 1939 г. ён атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, выбраўшы сабе дэвіз: “Калі ніхто не жадае ісці, я пайду!”. Пастырскае служэнне святар здзяйсняў у Аўстрыі. Нягледзячы на небяспеку, у сваіх гаміліях асуджаў нацысцкі рэжым, за што ў 1941 г. быў арыштаваны і дэпартаваны ў Дахаў.

У гэтым канцэнтрацыйным лагеры былі забіты больш за тысячу святароў і законнікаў, не толькі каталіцкіх, але таксама пратэстанцкіх і праваслаўных. Кс. Унцайтыг клапаціўся пра вязняў, асаблівым чынам з Савецкага Саюза. Ён вывучаў рускую мову і пераклаў на яе большую частку Новага Запавету, каб распаліць у іх веру.

“Свой статус вязня ён заўсёды перажываў у адзінстве з Богам, у малітве, з радасцю і з пастаяннай гатоўнасцю любіць, дапамагаць, суцяшаць бліжняга. Св. Імша, эўхарыстычная адарацыя, малітва на ружанцы запаўнялі вольны час яго цяжкіх дзён”, - распавёў кардынал Амата.

Калі ў лагеры пачалася эпідэмія тыфу і хворых змясцілі ў асобны барак, ніхто не жадаў туды ўваходзіць. Кс. Энгельмар Унцайтыг, верны свайму дэвізу, накіраваўся туды, каб аказваць дапамогу, але заразіўся і 2 сакавіка 1945 г. памёр.

Паводле прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, новы благаслаўлёны – якога называюць “мучанікам міласэрнасці і нямецкім Максімільянам Кольбэ” – адкрывае “шчыліну святла на тоеснасць той часткі нямецкага народу, якая, дзеля вернасці Евангеллю, таксама зведала пераслед і смерць”.








All the contents on this site are copyrighted ©.