2016-09-23 15:47:00

Святы Пасад: развіццё магчыма толькі ва ўмовах міру


Грукатанне зброі ў Сірыі “павінна спыніцца, каб стаў магчымым мір і каб гуманітарная дапамога магла быць дастаўлена тым, хто мае ў ёй патрэбу”, адзначыў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін 22 верасня 2016 г. падчас выступлення на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку адносна парадку дня ў сферы ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 г.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі закрануў вельмі шырокі спектр праблем, з якімі сёння сутыкнулася міжнародная супольнасць – складаная сітуацыя на Блізкім Усходзе, на афрыканскім кантыненце, крызіс ва Украіне. Пурпурат нагадаў, што немагчыма забяспечыць умовы для ўсебаковага развіцця чалавека без міру.

Апостальская Сталіца пераканана, што спыненне агню і аказанне дапамогі ахвярам войнаў магчыма, калі на гэта будзе “палітычная воля”, сказаў кардынал Паралін. У якасці прыкладу ён прывёў Калумбію: нядаўняя дамоўленасць, якая паклала канец унутранай вайне, што доўжылася больш за паўстагоддзі, даказвае: мір – гэта не ўтопія, калі міжнародная супольнасць пачынае дзейнічаць рашуча.

Галоўны ватыканскі дыпламат, спасылаючы на словы Францішка, заклікаў не зводзіць ідэю ўсебаковага развіцця чалавека да выключна эканамічнага дабрабыту.

Сярод асноўных пагроз для стабільнасці ў сучасным свеце бліжэйшы супрацоўнік Папы назваў тэрарызм, атамную зброю, хвалю міграцыі. Гаворачы аб бежанцах, ён падзякаваў Лівану, Іарданіі і Турцыі “за гасціннасць, праяўленую ў адносінах да тых, хто ўцякае ад вайны і разбурэнняў у Іраку і Сірыі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.