2016-09-23 14:02:00

Прыняты важны каталіцка-праваслаўны дакумент


Змешаная міжнародная камісія па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой ухваліла важны сумесны дакумент: “Сінадальнасць і першаснасць у першым тысячагоддзі: на шляху да агульнага разумення дзеля служэння адзінству Царквы”. Пленарнае пасяджэнне Камісіі праходзіла 16-21 верасня 2016 г. у італьянскім горадзе Кьеці.

Дакумент з’яўляецца вынікам доўгага шляху, які пачаўся у 2007 г. у Равене. У ім гаворка ідзе пра тое, як ажыцяўляліся сінадальнасць і першаснаць у першым тысячагоддзі існавання хрысціянства. Гэты прыклад павінен указаць спосаб рашэння праблем, якія яшчэ існуюць паміж католікамі і праваслаўнымі, заўважыў кс. Андрэа Пальміеры, намеснік сакратара Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

У ходзе працы Змешанай камісіі было выяўлена, “што ў першым тысячагоддзі, бясспрэчна, за Рымскім Пасадам прызнавалася першаснасць у парадку Цэркваў, але гэта першаснасць заўсёды здзейснялася ў кантэксце сінадальнасці”, падкрэсліў ватыканскі святар. 

Паводле яго слоў, “у далейшым Камісія павінна выявіць дакладнае значэнне гэтай першаснасці і як яна можа ажыцяўляцца сёння, каб стаць сапраўдным служэннем адзінства паміж Цэрквамі”. “Гэты дакумент адкрывае шлях, але канешне не вырашае ўсіх цяжкасцяў. Ён, аднак, дазваляе быць аптымістамі адносна будучыні”, - дадаў кс. Пальміеры.

Змешаная міжнародная камісія па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой была створана Святым Айцом Янам Паўлам II і Патрыярхам Канстантынопальскім Дзімітрыясам 30 лістапада 1970 г. у Стамбуле ў дзень св. Андрэя, апекуна Канстантынопальскага Патрыярхату.

У яе працы прамаюць удзел па два прадстаўнікі кожнай з чатырнаццаці аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў і прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла. Сёлетня сустрэча праходзіла пад кіраўніцтвам кардынала Курта Коха, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і Архіепіскапа Тэльміскага Ёва (Гечы), з Канстантынопальскага Патрыярхату.








All the contents on this site are copyrighted ©.