2016-09-23 12:23:00

Пантыфік заклікаў працягваць рэформу ватыканскіх СМІ


Святы Айцец заахвоціў кіраўніцтва Сакратарыяту па камунікацыі працягваць рэформу ватыканскіх СМІ. 22 верасня 2016 г. ён прыняў на аўдыенцыі прэфекта гэтай дыкастэрыі кс. Дарыё Вігано, яе сакратара кс. Лусіа Адрыяна Руіса і кіраўнікоў некалькіх Дырэкцый.

У ходзе аўдыенцыі Папа асабіста ўручыў прысутным апублікаваны ў той жа дзень Статут Сакратарыяту па камунікацыі. Гэты дакумент рыхтаваўся на працягу многіх месяцаў змешанай працоўнай групай у цесным супрацоўніцтве з Папскай радай па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў і Дзяржсакратарыятам, распавёў кс. Вігано. 

Францішак заклікаў членаў Сакратарыяту працягваць ажыцяўленне праекту рэформы ватыканскіх СМІ. “Гэта была вельмі сардэчная сустрэча і Святы Айцец папрасіў нас рашуча працягваць рэалізацыю неадваротных рашэнняў для гэтага новага сцэнарыя, які з’яўляецца сцэнарыем лічбавай канвергенцыі”, - падкрэсліў прэфект.

Сакратарыят па камунікацыі быў заснаваны Францішкам некалькі месяцаў таму. Адмысловы Апостальскі ліст у форме “Motu proprio” пад назвай “L’attuale contesto comunicativo” (Актуальны камунікацыйны кантэкст) быў выдадзены 27 чэрвеня 2016 г. 

У ім адзначалася, што існаванне і развіццё лічбавых сродкаў масавай інфармацыі, фактары збліжэння і інтэрактыўнасці, патрабуюць пераасэнсавання інфармацыйнай сістэмы Святога Пасаду і рашучага пераходу ў бок інтэграцыі і ўнітарнасці кіравання. Дзейнасць Сакратарыяту накіравана на рэалізацыю гэтага задання і адаптавання камунікацыйнай сістэмы Апостальскай Сталіцы да евангелізацыйнай місіі Касцёла.








All the contents on this site are copyrighted ©.