2016-09-22 14:31:00

Святы Айцец: марнасць – астэапароз душы


Хцівасць, марнасць і пыха – гэта крыніцы ўсякага зла, падкрэсліў Святы Айцец 22 верасня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. У сваёй гаміліі Папа спаслаўся на літургічнае евангельскае чытанне, якое апавядае пра трывогу караля Ірада, выкліканую з’яўленнем Езуса, пасля таго як быў забіты Ян Хрысціцель (Лк 9,7-9). Францішак заўважыў, што кароль быў занепакоены, як і яго бацька Ірад Вялікі пасля візіту трох мудрацоў. 

У душы чалавека могуць прысутнічаць два тыпы трывогі: добрая, якую дае Святы Дух падштурхоўваючы “рабіць добрыя справы” і дрэнная – “трывога, якая нараджаецца ў брудным сумленні”, заўважыў Пантыфік. Абодва Ірады, паводле яго слоў, змагаліся з гэтым пачуццем забіваючы праціўнікаў, ідучы наперад “па трупах людзей”.

“Гэта людзі, якія зрабілі вельмі шмат зла і надалей яго чыняць. Яны маюць бруднае сумленне і не могуць жыць у спакоі, бо жывуць у пастаянным свярбенні, трасцы. Гэтыя людзі нарабілі шмат зла, але кожнае зло заўсёды мае тыя ж карані: хцівасць, марнасць і пыху. Яны не пакідаюць сумлення ў спакоі; яны не дазваляюць увайсці здаровай трывозе Святога Духа, а вядуць да жыцця ў неспакоі і страху. Хцівасць, марнасць і пыха – гэта крыніцы ўсякага зла”, - сказаў Папа.

Спасылаючыся на чытанне з кнігі Эклезіяста (Экл 1,2-11) Францішак заклікаў вернікаў жыць у праўдзе і не паддавацца марнасці – гэта значыць не займацца фальсіфікацыяй ўласнага жыцця, не быць двудушнымі, не імкнуцца выглядаць лепш, чым з’яўляюцца на самой справе, бо гэта вядзе да душэўнай трывогі. “Марнасць падобна на астэапароз душы: косці здаюцца добрымі знешне, а ўнутры ўсе зламаныя”, - сказаў Папа.

У змаганні з гэтымі спакусамі Францішак заклікаў чэрпаць сілы ад Езуса, які з’яўляецца дарогай і праўдай і жыццём. “Няхай Пан вызваліць нас ад усіх трох крыніц зла: хцівасці, марнасці і пыхі, а асабліва ад марнасці, якая нам вельмі шкодзіць”, - сказаў Пантыфік на заканчэнне сваёй гаміліі.








All the contents on this site are copyrighted ©.