2016-09-22 16:26:00

Ватыканскі геліпорт будзе мадэрнізаваны


Нацыянальнае агенцтва грамадзянскай авіяцыі Італіі і Губернатарат Дзяржавы Ватыкан 21 верасня 2016 г. падпісалі Пратакол аб узаемаразуменні з мэтай мадэрнізацыі верталётнай інфраструктуры Ватыкана і вызначэння адмысловых тэхнічных і эксплуатацыйных патрабаванняў.

Ужо на працягу некалькіх месяцаў, на падставе дамовы зацверджанай Святым Айцом, Ватыкан прадастаўляе выкарыстанне сваёй верталётнай інфраструктуры для транспартыроўкі хворых ў педыятрычны шпіталь “Дзіцятка Езуса” (Ospedale Pediatrico Bambino Gesù).

Згодна з падпісаным Пратаколам, Нацыянальнае агенцтва грамадзянскай авіяцыі Італіі пасадзейнічае неабходнаму тэхнічнаму дастасаванню ватыканскага геліпорту, каб ён адпавядаў італьянскім і міжнародным стандартам для правядзення падобнай дзейнасці.

Рашэнне аб выкарыстанні ватыканскага геліпорту для ратавання дзіцячых жыццяў было прынята ў мінулым годзе. 17 ліпеня 2015 г. была абнародавана інфармацыя аб падпісанні пагаднення паміж Губернатаратам Дзяржавы Ватыкан, якому належыць верталётная пляцоўка ў Ватыканскіх садах, і педыятрычным шпіталём “Дзіцятка Езуса” аб выкарыстанні яе ў медыцынскіх мэтах. 

Губернатарат выказаў згоду на кругласутачныя пасадку і ўзлёт верталётаў і перасоўванне ў межах Дзяржавы Ватыкан машын хуткай дапамогі ў сур’ёзных і надзвычайных сітуацыях пагрозы жыццю дзяцей або ў выпадках, звязаных з перасадкай органаў. Такім чынам, ватыканскі геліпорт быў уключаны ў рэгіянальную сетку кіравання ў надзвычайных сітуацыях.








All the contents on this site are copyrighted ©.