2016-09-22 15:21:00

Апублікаваны Статут Сакратарыяту па камунікацыі


У Ватыкане 22 верасня 2016 г. быў апублікаваны Статут Сакратарыяту па камунікацыі – дыкастэрыі Рымскай Курыі, якую папа Францішак заснаваў 27 чэрвеня 2016 г. Дакумент быў падпісаны Францішкам 6 верасня 2016 г. і зацверджаны “ad experimentum” на трохгадовы тэрмін. Ён ўступіць у сілу 1 кастрычніка 2016 г.

Статут складаецца з 19 артыкулаў. З яго вынікае, што першаснай мэтай Сакратарыяту з’яўляецца “аб’яднанне ўсіх структур Апостальскай Сталіцы, якія займаюцца камунікацыяй, каб уся сістэма належным чынам адпавядала патрэбам евангелізацыйнай місіі Касцёла”. 

Паводле дакумента, Сакратарыят па камунікацыі дзейнічае “у супрацоўніцтве з іншымі кампетэнтнымі Дыкастэрыямі” і ў прыватнасці з Дзяржсакратарыятам. Кіраванне ім ажыцяўляе прэфект, якому дапамагаюць сакратар, члены і кансультанты. Усе яны прызначаюцца Пантыфікам на пяцігадовы тэрмін.

Сакратарыят па камунікацыі падзелены на пяць Дырэкцый: па агульных справах, па рэдактарскай дзейнасці, па справах Залы Друку Апостальскай Сталіцы, па тэхналагічных і душпастырска-тэалагічных пытаннях. Іх кіраўнікі таксама прызначаюцца Святым Айцом на пяцігадовы тэрмін.

Дырэкцыя па агульных справах будзе займацца адміністрацыйнымі, арганізацыйнымі, юрыдычнымі пытаннямі, а таксама сферай міжнароднага супрацоўніцтва. 

Дырэкцыя па рэдактарскай дзейнасці возьме на сябе каардынацыю камунікацыяй, стратэгічным развіццём новых форм камунікацыі, інтэграцыю традыцыйных СМІ з лічбавымі. 

Заданнем Дырэкцыі па справах Залы Друку Апостальскай Сталіцы будзе выданне і распаўсюджванне афіцыйных паведамленняў адносна дзейнасці Папы і Апостальскай Сталіцы, правядзенне прэс-канферэнцый, прадастаўленне афіцыйных адказаў на пытанні журналістаў, “пасля кансультацый з Дзяржсакратарыятам”.

Дырэкцыя па тэхналагічных пытаннях будзе займацца развіццём і эвалюцыяй камунікацыйных сродкаў Апостальскай Сталіцы, пошукам інавацыйных рашэнняў, праектаваннем “новых паслугаў і развіццём існуючых”.

У кампетэнцыю Дырэкцыі па душпастырска-тэагалічных пытаннях будзе зваходзіць распрацоўка тэалагічнага бачання камунікацыі і яго дастасаванне да інфармацыі, якая перадаецца ватыканскімі структурамі, пашырэнне “душпастырскай дзейнасці Папы” праз кантэстуалізацыю яго слоў і выяваў.

Сакратарыят па камунікацыі “аб’яднае”: Папскую раду па сродках масавай камунікацыі, Залу Друку Святога Пасаду, Ватыканскую інтэрнэт-службу, Ватыканскае радыё, Ватыканскі тэлевізійны цэнтр, газету “L’Osservatore Romano”; Ватыканскую тыпаграфію, Фота-службу, Ватыканскае выдавецтва. 

Дыкастэрыя прыме на сябе кіраванне інстытуцыйным вэб-сайтам Апостальскай Сталіцы і адказнасць за прысутнасць Святога Айца ў сацыяльных сетках, гаворыцца ў Статуце. 








All the contents on this site are copyrighted ©.