2016-09-20 19:30:00

Удзельнікі сустрэчы ў Асізі скіравалі сумесны заклік


Хто выкавыстоўвае імя Бога для апраўдання тэрарызму, насілля і вайны, не ідзе Яго шляхам. Вайна ў імя рэлігіі, гэта вайна супраць самой рэлігіі, а насілле і тэрарызм супярэчаць сапраўднаму рэлігійнаму духу, сцвердзілі ўдзельнікі Сусветнага дня малітвы за мір 20 верасня 2016 г. у сваім закліку аб міры, які падпісалі на заканчэнне сустрэчы ў Асізі.

Яны нагадалі, што гэта падзея – пачатак якой 30 гадоў таму даў св. Ян Павел ІІ – пашырылася на многія гарады свету і ўключыла ў дыялог і малітву за мір шматлікіх вернікаў, даўшы імпульс моцным міжрэлігійным сяброўствам і паспрыяўшы заканчэнню нямалай колькасці канфліктаў.

Нягледзячы на гэта, яшчэ не ўсе зразумелі, што “вайна робіць свет горшым, пакідаючы ў спадчыну боль і нянавісць”. “З вайной усе праігрываюць, у тым ліку пераможцы”, - сцвердзілі рэлігійныя лідэры.

Яны заклікалі кіраўнікоў дзяржаў не кіравацца прагай ўлады і грошай, хцівасцю гандляроў зброяй, аднабаковымі інтарэсамі, помстай за мінулае, а таксама прыкладаць канкрэтныя намаганні для выкаранення асноўных прычын войнаў: беднасці, несправядлівасці, няроўнасці, эксплуатацыі і пагарды чалавечым жыццём.

Удзельнікі асізскай сустрэчы пажадалі, каб наступіла новая эпоха, у якой глабалізаваны свет стане адзінай сям’ёй народаў і падкрэсліў, што будаўнікамі міру могуць быць усе.  








All the contents on this site are copyrighted ©.