2016-09-19 12:30:00

Францішак: бараніць святло веры


Бараніць святло веры і несці яго ўсім, не дазваляючы, каб яно стала цьмяным, заклікаў папа Францішак 19 верасня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. “Ніхто, запаліўшы свечку, не хавае яе пад начынне і не ставіць пад ложак” (Лк 8,16). Спасылаючыся на гэтыя евангельскія словы і на літургічнае чытанне з кнігі Прыпавесцяў Саламона (Прып 3, 27-35), Францішак даў некаторыя парады, каб святло веры, якое хрысціяне атрымліваюць з сакрамэнтам хросту, захоўваць запаленым. 

Папа заўважыў, што дар святла веры ніколі не павінен быць схаваным. У адваротным выніку існуе рызыка стаць “цёплымі” або толькі намінальнымі хрысціянамі. Пантыфік падкрэсліў, што святло веры з’яўляецца сапраўдным, ціхім, спакойным і нязгасным. У той жа час існуюць некаторыя формы паводзінаў, якія яго хаваюць.

У першую чаргу, гэта адкладанне добрых учынкаў “на заўтра”. “Дабро не пераносіць лядоўні”, яго трэба рабіць адразу ж. Калі не зробіш яго сёння – заўтра яго не будзе. Захаванне паводле прынцыпу: “Ідзі, прыйдзеш яшчэ, і заўтра дам табе” (Прып 3,28) – хавае святло, а таксама з’яўляецца несправядлівасцю, падкрэсліў Францішак.

Іншая спакуса – задумваць благое супраць бліжняга свайго, “калі ён з даверам сядзіць у цябе” (Прып 3,29). Па словах Францішка, планаванне падкопаў, абліванне брудам тых, хто мае да нас давер – гэта “мафіёзная справа”, якая робіць святло веры цьмяным, таксама як і звычка спрачацца без прычыны (Прып 3,30), перамагаць якую трэба прабачэннем.

Пантыфік заклікаў “не зайздройсціць несправядліваму чалавеку, і не станавіцца на ніводзін шлях ягоны” (Прып 3,31-34) і бараніць святло, атрыманае з хростам, якое з'яўляецца "святлом сяброўства, лагоднасці, веры, надзеі, цярплівасці і дабрыні".








All the contents on this site are copyrighted ©.