2016-09-18 13:32:00

Пантыфік заклікаў злучыцца ў малітве за мір


Пасля марыйнай малітвы “Анёл Панскі” 18 верасня 2016 г. Папа паведаміў, што ў аўторак 20 верасня наведае Асізі, каб прыняць удзел у Сусветным дні малітвы за мір, які пройдзе ўжо ў трыццаты раз. Упершыню гэта падзея адбылася па ініцыятыве св. Яна Паўла ІІ у 1986 г. “Я заклікаю парафіі, касцельныя асацыяцыі і паасобных вернікаў з усяго свету, перажываць гэты дзень як Дзень малітвы за мір. Сёння больш чым калі-небудзь нам патрэбны мір, калі паўсюль ў свеце працягваецца вайна. Мы молімся за мір.Па прыкладу св. Францішка, чалавека братэрства і лагоднасці,  мы ўсе пакліканы ахвяраваць свету моцнае сведчанне нашай сумеснай прыхільнасці справе міру і прымірэння паміж народамі “, - сказаў Фрацнішак.

З нагоды Сусветнага дня малітвы за мір у Асізі збярэцца каля 500 высокіх гасцей, сярод якіх: Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І, Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі, Сірыйскі Патрыярх Антыёхіі і ўсяго Усходу Ігнацый Эфрэм ІІ, прадстаўнікі юдаізму, ісламу і будызму, а таксама вядомыя дзеячы свету палітыкі, культуры, спорту, інтэлектуалы і лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру. Чакаецца што на працягу двух дзён форума горад наведае каля 12 тыс. пілігрымаў.

Прадстаўнікі розных веравызнанняў збіраюцца разам, каб прасіць Бога аб дары міру перад новымі выклікамі, якія турбуюць чалавецтва, у першую чаргу тэрарызму.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.