2016-09-17 14:15:00

Францішак пра крытэрыі працы нунцыяў


Нунцыі пакліканы быць “слухачамі” сэрца Папы і несці яго “подых” ва ўсе мясцовыя Касцёлы свету, рабіць першы крок, каб здымаць напружанасць, спрыяць паразуменню і прымірэнню, будаваць масты, адзначыў Пантыфік прымаючы на аўдыенцыі ў Ватыкане сваіх дыпламатычных прадстаўнікоў, якія сабраліся ў Рыме з нагоды святкавання Юбілею Міласэрнасці. Аўдыенцыя прайшла 17 верасня 2016 г. у цёплай атмасферы, у якой Святы Айцец меў магчымасць падзяліцца з дыпламатамі сваімі думкамі адносна іх служэння.

“Я штодзённа чытаю, часцей раніцай і вечарам, вашы “паведамленні” з навінамі аб жыцці мясцовых Касцёлаў, аб падзеях у краінах у якіх вы акрэдытаваны і аб дэбатах, якімі абцяжарана жыццё міжнароднай супольнасці. За ўсё гэта я вам удзячны! Ведайце, што я вас суправаджаю штодня – часта памятаючы па імені і ў твар – з сяброўскім успамінам і даверлівай малітвай”, - прызнаўся Францішак.

Па словах Святога Айца, “глядзець, аналізаваць і суадносіць гэта важныя словы, але не дастатковыя для жыцця нунцыя”. “Трэба таксама сустракаць, слухаць, весці дыялог, падзяляць, прапаноўваць і працаваць разам, каб заззяла шчырая любоў, сімпатыя, эмпатыя з насельніцтвам і мясцовым Касцёлам”, - сказаў ён. “Не дастаткова толькі ўказваць пальцам і нападаць на тых, хто не думае як мы. Гэта нізкая тактыка сучасных палітычных і культурных войнаў, але яна не можа быць метадам Касцёла. Наш позірк павінен быць шырокім і глыбокім”, - дадаў Пантыфік.

Па словах Святога Айца, нунцыям важна пераадоліць “бюракратычную логіку”, якая можа авалодаць іх працай, “робячы яе закрытай, абыякавай і непразрыстай”. Сядзіба нунцыятуры – гэта "дом Папы", месца, дзе ўся касцёльнае рэальнасць можа “знайсці падтрымку і параду, а грамадскія ўлады кропку апоры”. “Пільнуйце, каб вашы нунцыятуры не сталі прытулкам для “сяброў і сяброў сяброў". Пазбягайце пляткароў і кар’ерыстаў", - заклікаў Францішак.

Гаворачы пра задачу “гарантавання свабоды Касцёла перад абліччам розных формаў улады, якія жадаюць прымусіць змоўкнуць праўду”, Пантыфік адзначыў, што “Касцёл будзе свабодным толькі калі яго структуры змогуць здзесняць абвяшчэнне Евангелля ўсім, ва ўсіх месцах, пры ўсіх нагодах, без затрымкі, без адштурхоўвання і без страху”.

Святы Айцец заклікаў нунцыяў не сядзець на месцы, чакаючы, што людзі прыйдуць да іх, а самім наведваць дыяцэзіі, каб зразумець “чым жыве Божы народ, аб чым думае і пра што пытаецца”. Будзьце выразам Касцёла “які выходзіць” і з’яўляецца “палявым шпіталём”, дадаў ён.

Францішак казаў таксама пра фундаментальную ролю нунцыяў у выбары кандыдатаў на біскупскае служэнне, якія павінны быць “сведкамі Уваскрослага”, асобамі, які моляцца, пастырамі, а не княззямі і функцыянерамі. Каб знайсці такіх кандыдатаў трэба “зварухнуцца з месца” і пачаць шукаць схаваных “маленькіх Давідаў”, якія ёсць, а таксама не задавальняцца “лоўляй рыбы ў акварыуме ці заказніку” або памнажэннем “сяброў сяброў”. 

Аўдыенцыяй з Пантыфікам Апостальскія нунцыі закончылі сваю трохдзённую сустрэчу, якая праходзіла ў Ватыкане ў рамках Юбілею Міласэрнасці і ўключала ў сябе канферэнцыі, сустрэчы з ватыканскімі іерархамі і пасламі акрэдытаванымі пра Святым Пасадзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.