Выходзіць за свае рамкі, каб абвяшчаць Евангелле ва ўсіх частках свету, заклікаў папа Францішак Апостальскіх нунцыяў, з якімі 17 верасня 2016 г. цэлебраваў Эўхарыстыю ў ватыканскім Доме св. Марты.
106 з 108 дзейсных папскіх прадстаўнікоў прымаюць удзел у спецыяльнай сустрэчы з нагоды Юбілею Міласэрнасці, якая 15-17 верасня праходзіць у Рыме. На Імшу з Пантыфікам, акрамя іх, былі запрошаны таксама 40 нунцыяў на пенсіі. У сваёй гаміліі Францішак спаслаўся на евангельскае апавяданне пра сейбіта (Лк 8, 4-15), нагадваючы дыпламатам пра пакліканне сеяць Добрую Навіну ў месцах іх служэння.
Жыццё Апостальскіх нунцыяў – гэта пастаяннае выйсце за ўласныя рамкі. Папа з гумарам заўважыў, што яно падобна на “жыццё цыган”: толькі паспеюць добра вывучыць новую мову, як атрымліваюць тэлефонны званок з Рыму і павінны складаць чамаданы, каб ехаць у іншую краіну, пакінуўшы сяброў, звычкі, напрацоўкі і ўсё пачынаць з пачатку: весці дыялог, вывучаць новую культуру, пазнаваць новы светапогляд. "Я быў уражаны, як адзін з вас перад уручэннем даверчых грамат, за два месяцы вывучыў складаную мову і навучыўся цэлебраваць на ёй”, - адзначыў Пантыфік.
Дыпламатам нярэдка даводзіцца прымаць удзел у “сумных” прыёмах і таму некаторыя кажуць, што такую, занадта бюрактарычную працу, маглі б выконваць і свецкія вернікі. Паводле ж Францішка, гэта не так, таму што і ў такіх сітуацыях нунцыі сеюць добрае зерне ў многіх душах, слухаючы людзей, размаўляючы з імі, спрабуючы зразумець іх. “Гэта крыж”, - сказаў Папа і дадаў, што пакуль кінутае зерне расце, нунцыі павінны трываць перад табернакулюмам, у малітве і адарацыі.
Напрыканцы сваёй гаміліі ён прызнаўся, што вельмі радуецца, калі спазаранку атрымлівае паведамленні ад сваіх дыпламатычных прадстаўнікоў.
All the contents on this site are copyrighted ©. |