2016-09-17 11:20:00

Пантыфік: гасціннасць – глыбокая евангельская каштоўнасць


“Сапраўдная гасціннасць – гэта глыбокая евангельская каштоўнасць, якая ўмацоўвае любоў і з’яўляецца нашай самай вялікай абаронай ад жахлівых актаў тэрарызму”, - адзначыў папа Францішак падчас сустрэчы з ўдзельнікамі канферэнцыі на тэму міграцыі, арганізаванай у Рыме Еўрапейскай канферэдацыяй і Сусветным аб’яднаннем выпускнікоў езуіцкіх школ. Святы Айцец прыняў іх 17 верасня 2016 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Па словах Папы, на сённяшні дзень у свеце пражывае каля 65 млн. людзей, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы. Гэта лічба “большая за ўсё насельніцтва Італіі”, яна з’яўляецца “беспрэцэндэнтнай” і пераўзыходзіць любыя ўяўленні. Пры гэтым гаворка ідзе не проста пра статыстыку, а пра людзей, “якія нічым не адрозніваюцца ад нашых сем’яў і нашых сяброў”. “Кожны з іх мае імя, аблічча і гісторыю, як і неад’емнае права жыць у міры і марыць пра лепшую будучыню для ўласных дзяцей”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Звяртаючыся да выпуснікоў езуіцкіх школ Францішак адзначыў, што сёння “існуе вялікая патрэба ў людзях, якія пачуюць вокліч бедных і адкажуць на яго спагадай і шчодрасцю”. 

“З вашай дапамогай Касцёл будзе здольным паўней адказаць на чалавечую трагедыю бежанцаў праз учынкі міласэрнасці, якія будуць спрыяць іх інтэграцыі ў еўрапейскі кантэкст і яшчэ шырэй. Заахвочваю вас прыняць бежанцаў у вашы дамы і супольнасці, каб іх першая сустрэча з Еўропай не была звязана з траўматычнай патрэбай начлегу на вуліцах, але з цёплай і чалавечай гасціннасцю”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік падзяліўся сумнымі статыстычнымі дадзенымі адносна таго, што менш за 50% дзяцей-бежанцаў маюць доступ да пачатковай адукацыі, толькі 22% – да сярэдняй, і толькі 1% мае магчымасць вучыцца ва ўніверсітэтах. Паводле яго слоў, выпраўленне гэтай сітуацыі паспрыяе “будаванню больш моцнай Еўропы і больш светлай будучыні для бежанцаў”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.