2016-09-16 11:04:00

Юбілей папскіх дыпламатаў праходзіць у Ватыкане


У Ватыкане праходзіць Юбілей дыпламатычных прадстаўнікоў Святога Айца. У трохдзённай сустрэчы з нагоды Года Міласэрнасці прымаюць удзел 106 з 108 дзейсных Апостальскіх нунцыяў.

Урачыстасці пачаліся 15 верасня 2016 г. Эўхарыстыяй у базыліцы св. Пятра, якую ўзначаліў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Затым нунцыі выслухалі дзве канферэнцыі: аб Касцёле ў сучасным свеце і выкліку гендэрнай культуры. Вечарам яны сабраліся на абед з Святым Айцом у Ватыканскіх садах.

Раніцай 16 верасня адбылася працоўная сустрэча папскіх дыпламатаў з кіраўніцтвам Дзяржсакратарыяту. Затым яны праслухалі даклад старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынала Жана-Луі Тарана аб адносінах з ісламам. Вечарам нунцыі сустрэнуцца з кіраўнікамі дыкастэрый Рымскай курыі і пасламі акрэдытаванымі пры Апостальскай Сталіцы з рэзідэнцыяй у Рыме.

17 верасня папскія дыпламаты збяруцца на Эўхарыстыі з Пантыфікам у капліцы яго ватыканскай рэзідэнцыі, пасля чаго выслухаюць духоўнае разважанне італьянскага тэолага, пісьменніка і кампазітара кс. П’еранджэла Сэквэры, старшыні Папскага інстытута Яна Паўла ІІ. Закончыцца святкаванне "Юбілею нунцыяў" спецыяльнай аўдыенцыяй у папы Францішка, якая пройдзе ў Клементыйскай Зале Апостальскага Палацу. 

Святы Пасад падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з 180 дзяржавамі. Да іх трэба дадаць Еўрапейскі Саюз і Мальтыйскі Ордэн, а таксама Сталае прадстаўніцтва Дзяржавы Палестына.








All the contents on this site are copyrighted ©.