2016-09-16 12:40:00

Святы Айцец: паглыбіць веру ва ўваскрашэнне цела


Логіка хрысціяніна – гэта логіка “паслязаўтрашняга дня”, якая не затрымліваецца на цяперашнем моманце, а з даверам глядзіць на ўваскрашенне цела, адзначыў папа Францішак 16 верасня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў ватыканскім Доме св. Марты. У сваёй гаміліі Пантыфік спасылаўся на літургічнае чытанне з Першага Паслання да Карынцянаў (1 Кар 15,12-20) у якім апостал Павел кажа пра ўваскрасенне Хрыста і ўваскрашэнне кожнага хрысціяніна.

“Калі Хрыстус не ўваскрос, таксама і мы не ўваскрэснем”, - сказаў Папа. Ён з жалем заўважыў, што прамаўляючы Апостальскі Сімвал веры, вернікі часта адгаворваюць у спешцы апошнюю частку гэтай малітвы, бо іх пужаюць думкі пра будучыню, пра ўваскрашенне памерлых. Людзям лёгка ўвайсці ў логіку мінулага, якая канкрэтная або логіку сучаснасці, бо бачаць яе, але логіка будучыні пужае сваёй татальнасцю. Менавіта пра яе кажа св. Павел, падкрэсліў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што Хрыстус не ўваскрос у выглядзе здані. У Евангеллі паводле св. Лукі ёсць словы, якія ўказваюць на гэта. Езус, калі аб’явіўся вучням сказаў: “Дакраніцеся да Мяне”, а затым спытаў: “Ці маеце тут што з’есці?”, заўважыў Папа.

Па словах Святога Айца, логіка “паслязаўтрашняга дня” – гэта логіка ў якой ёсць месца для цела. Часта людзі думаюць пра Неба праз прызму гнастытычных катэгорый, мяркуючы, што там усё будзе духоўным. Гнастыцызм жа, гэта першая ерась, якую асудзіў яшчэ апостал Ян, кажучы: “Бо шмат ашуканцаў прыйшло ў свет, якія не прызнаюць, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе. Такі ёсць ашуканцам і антыхрыстам” (2 Ян 7), - заўважыў Папа.

Францішак падкрэсліў, што “спірытуалістычная пабожнасць” з’яўляецца лёгкай, а ўвайсці ў логіку ўваскрашэння цела – складана. “Гэта логіка паслязаўтрашняга дня. Мы ўваскрэснем, як Хрыстус ўваскрос, з нашым целам”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што на веры ва ўваскрашэнне цела грунтуюцца ўчынкі міласэрнасці.

“Неабходна вялікая ласка Святога Духа, каб зразумець логіку паслязаўтрашняга дня, пасля перамянення, калі Ён прыйдзе і забярэ ўсіх нас, перамененых, на аблокі, каб заўсёды прабывалі з Ім. Папросім у Пана аб ласцы такой веры”, - заклікаў Пантыфік напрыканцы сваёй гаміліі.








All the contents on this site are copyrighted ©.