2016-09-16 14:58:00

Папа спачувае ў сувязі з смерцю былога Прэзідэнта Італіі


Папа Францішак выказаў глыбокія спачуванні сям’і памерлага 16 верасня 2016 г. у Рыме былога Прэзідэнта Італіі Карла Адзельё Чампі. Адмысловую тэлеграму ён скіраваў на імя жонкі палітыка Франкі Пілы Чампі.

Святы Айцец адзначыў высакародную стрыманасць былога кіраўніка італьянскай дзяржавы і разуменне ім супольных інтарэсаў краіны. Пантыфік узгадаў пра шчырае сяброўства, якое злучала гэтага выбітана дзеяча з св. Янам Паўлам ІІ і запэўніў у сваіх гарачых малітвах аб вечным супакоі для яго душы.

Карла Адзельё Чампі памёр 16 верасня 2016 г. у 95-гадовым узросце ў адной з клінік Рыма. Ён быў кіраўніком італьянскай дзяржавы з 1999 па 2006 г. Раней ён быў прэм’ер-міністрам краіны, а таксама ўзначальваў міністэрства фінансаў, бюджэту і эканамічнага планавання. У 2005 г. палітык стаў лаўрэатам прэміі Карла Вялікага за ўклад у еўрапейскую інтэграцыю.








All the contents on this site are copyrighted ©.