2016-09-15 18:46:00

Святы Айцец прыняў Мітрапаліта Іларыёна


15 верасня 2016 г. у Апостальскім палацы ў Ватыкане папа Францішак прыняў кіраўніка Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліта Іларыёна. Высокі праваслаўны іерарх прыбыў у Італію для ўдзелу ў пасяджэнне Змешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, якое праходзіць у Кьеці 15-22 верасня.

Мітрапаліт Іларыён перадаў Пантыфіку дар Патрыярха Кірыла: частку рэліквій св. Серафіма Сароўскага ў каўчэгу, зробленым ў форме пасхальнага яйка. Папа “быў глыбока крануты каштоўным дарам і прасіў перадаць Свяцейшаму Патрыярху словы сардэчнай падзякі і братэрскага прывітання”, паведамляе афіцыйны сайт Маскоўскага Патрыярхату.

У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі стан праваслаўна-каталіцкіх адносін пасля гістарычнай сустрэчы прадстаяцеляў дзвюх Цэркваў у Гаване, у лютым 2016 г. Адной з цэнтральных тэм стала трагічная сітуацыя хрысціянскага насельніцтва Блізкага Усходу. Папа Францішак і Мітрапаліт Іларыён адзначылі станоўчы досвед супрацоўніцтва ў аказанні дапамогі блізкаўсходнім хрысціянам, згодна з рашэннямі прынятымі ў ходзе сустрэчы на Кубе. Бакі падкрэслілі патрэбу ў далейшых кансалідуючых дзеяннях у блізкаўсходнім рэгіёне. Прадстаўнік Маскоўскага Патрыярхату пазнаёміў Святога Айца з ініцыятывамі Рускай Праваслаўнай Царквы па аказанні гуманітарнай дапамогі пакутуючым грамадзянам Сірыі і падзякаваў Пантыфіку за міратворчыя дзеянні.

Бакі адзначылі таксама плённае супрацоўніцтва Рускай Праваслаўнай Царквы і Рыма-Каталіцкага Касцёла ў галіне культуры, чым займаецца спецыяльна створаная Сумесная працоўная група. Так, за апошні год вельмі перспектыўным паказаў сябе праект абмена вучэбнымі паездкамі святароў і студэнтаў тэалогіі з Каталіцкага Касцёла і Маскоўскага Патрыярхату ў Маскву і Рым адпаведна для больш глыбокага знаёмства з традыцыямі і сучасным жыццём абедзьвюх Цэркваў.

Пасля сустрэчы з Пантыфікам Мітрапаліт Іларыён абмеркаваў некаторыя пытанні з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралін. Гаворка ішла пра сітуацыю хрысціян на Блізкім Усходзе і ролю Цэркваў у будаванні міру ва Украіне.








All the contents on this site are copyrighted ©.