2016-09-15 11:13:00

Пачаўся новы этап каталіцка-праваслаўнага дыялогу


Новы этап каталіцка-праваслаўнага дыялогу адносна краевугольнага пытання аб першаснасці Біскупа Рыма і сінадальнасці пройдзе ў італьянскім горадзе Кьеці. 15-20 верасня 2016 г. тут адбудзецца XIV пленарнае пасяджэнне Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. 

Сустрэча будзе праходзіць пад кіраўніцтвам кардынала Курта Коха, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і Архіепіскапа Тэльміскага Ёва (Гечы), з Канстантынопальскага Патрыярхату. Як і ў папярэднія гады ў працы Камісіі прымуць удзел па два прадстаўнікі кожнай з чатырнаццаці аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў і прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла.

Пленарная сесія будзе прысвечана вывучэнню праекта супольнага дакумента, які носіць назву “На шляху да супольнага разумення сінадальнасці і першаснасці ў служэнні адзінству Царквы”, складанне якога пачалося ў ходзе папярэдняга пасяджэння Камісіі ў 2014 г. у іарданскім Амане і было дапоўнена Каардынацыйным камітэтам Камісіі ў 2015 г. у Рыме. 

У Кьеці члены Камісіі пакліканы выявіць ці належным чынам гэты чарнавы варыянт дакументу адлюстроўвае існуючае сёння разуменне далікатнага пытання аб тэалагічнай і эклезіялагічнай сувязі паміж першаснасцю Біскупа Рыма і сінадальнасцю ў жыцці Касцёла або існуе патрэба ў прадаўжэнні паглыбленага вывучэння гэтай тэмы.

Пленарная пасяджэнне таксама прадставіць яго ўдзельнікам магчымасць для супольнай малітвы з мясцовымі хрысціянскімі супольнасцямі. 17 верасня члены Камісіі будуць прысутнічаць на цэлебрацыі св. Імшы ў катэдральным касцёле св. Юстына ў Кьеці. 18 верасня яны прымуць удзел у Боскай Літургіі ў санктуарыі Святога Аблічча ў Манапэла. Плануецца таксама, што члены Камісіі здзейсняць візіт у горад Васта і абацтва Сан-Джавані-ін-Вэнэрэ ў Фосацэзіі. 

Змешаная міжнародная камісія па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой была створана Святым Айцом Янам Паўлам II і Патрыярхам Канстантынопальскім Дзімітрыясам 30 лістапада 1970 г. у Стамбуле ў дзень св. Андрэя, апекуна Канстантынопальскага Патрыярхату.








All the contents on this site are copyrighted ©.