2016-09-15 14:15:00

Папа: Марыя – прытулак у моманты духоўных турбуленцый


У свеце, які пакутуе ад вялікага крызісу сіроцтва мы маем Маці, якая нас суправаджае і бароніць, нагадаў папа Францішак 15 верасня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. 

У літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Балеснай Ян Евангеліст апавядае, што Маці Божая засталася каля крыжа, у той момант як іншыя вучні ўжо разышліся, пакінуўшы яе ў адзіноце перад абліччам здзекаў і жудасных абразаў з боку натоўпу. Яна адчувала вялізарны боль, але не сышла, не адраклася ад свайго Сына, не адраклася ад сваёй плоці, адзначыў Пантыфік. 

Святы Айцец падзяліўся ўспамінамі, як падчас служэння ў Буэнас-Айрэсе, пры наведванні турмаў бачыў доўгія чэргі жанчын, якія чакалі магчымасці ўвайсці ўнутр, каб пабачыць сваіх сыноў.

“І гэтыя жанчыны пакутавалі не толькі ад сораму звязанага з прабываннем там – бо на іх казалі: “Паглядзі на тую! Што нарабіў яе сын?” – але зносілі таксама самыя брудныя прыніжэнні ад вобыскаў, якім падвяргаліся перад уваходам. Тым не менш, яны былі маці і ішлі, каб наведаць сваю плоць. Так і Марыя, была там, з сваім Сынам, зносячы вялізарныя пакуты”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што Езус абяцаў не пакідаць людзей сіротамі і на крыжы падарыў ім сваю Маці. “Мы хрысціяне маем Маці, тую ж якую меў Езус. Мы маем Айца, таго ж, якога меў Езус. Мы не сіроты! Яна нараджала з вялікім болем у той момант: гэта было сапраўднае мучаніцтва. З прабітым сэрцам яна пагадзілася нарадзіць усіх нас у той балючы момант. З таго часу Яна стала нашай Маці, з таго моманту яна – наша Маці, якая клапоціцца пра нас і не сароміцца нас: абараняе нас”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец нагадаў пра параду ўсходнехрысціянскіх містыкаў першых стагоддзяў: уцякаць пад плашч Божай Маці ў моманты “духоўных турбуленцый”. Гэта месца, куды “не можа ўвайсці д’ябал, бо яна – Маці і як Маці бароніць”, - сказаў Папа.

“Няхай Святы Дух, гэты сябар, спадарожнік, Суцяшыцель і заступнік, якога Пан нам паслаў, дапаможа нам зразумець гэту вялікую таямніцу мацярынства Марыі”, - закончыў Францішак сваю гамілію.








All the contents on this site are copyrighted ©.