2016-09-15 16:06:00

Папа: адрачэнне ад годнасці Божых дзяцей – гол у свае вароты


Чалавек забівае “аўтагол” калі адмаўляецца ад годнасці Божага стварэння, калі ў яго сэрцы багацці займаюць месца Пана, падкрэсліў Святы Айцец 15 верасня 2016 г. падчас сустрэчы з удзельнікамі італьянскага Нацыянальнага біблійнага тыдня. Сёлета гэты форум прысвечаны стварэнню мужчыны і жанчыны ў святле Святога Пісання. Ён праходзіць 12-16 верасня ў Папскім біблійным інстытуце, у Рыме. На аўдыенцыю ў Ватыкан прыбылі каля 150 даследчыкаў Божага слова.

Будучы створаным на вобраз і падабенства Бога, чалавек стаў “шэдэўрам” ўсяго акту стварэння, нагадаў Францішак і дадаў, што гэта годнасць ўсё больш знаходзіцца пад пагрозай.

“Гаворачы футбольнай тэрміналогіяй, чалавек мае здольнасць забіваць гол у свае вароты. Так адбываецца, калі мы ставім пад пытанне годнасць, калі паддаемся ідалапаклонству, калі робім месца ў нашым сэрцы для сустрэчы з ідаламі. Падчас зыходу з Егіпту, калі народ быў стомлены, таму што Майсей затрымліваўся на гары, ён паддаўся спакусе д’ябла і зрабіў сабе ідала. Гэтым ідалам было золата. Усе ідалы маюць нешта залатое. Гэта наводзіць на думку пра прыцягальную сілу багаццяў, пра тое, што чалавек губляе ўласную годнасць калі ў яго сэрцы багацці займаюць месца Бога”, - сказаў Папа.

Па словах Францішка важна, каб кожны чалавек знайшоў у сабе сілы адказаць на пытанні: Як ён ставіцца да ўласнай годнасці? Як дапамагае ёй расці? Ці не прыніжае годнасці бліжняга?








All the contents on this site are copyrighted ©.