2016-09-14 10:57:00

Папа: гісторыя хрысціянскіх мучанікаў працягваецца сёння


Мучанікам і благаслаўлёным назваў папа Францішак кс. Жака Амеля – пробашча касцёла ў Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ, на поўначы Францыі, забітага тэрарыстамі некалькі месяцаў таму. 14 верасня 2016 г. у Ватыкан прыбыла група з 80 пілігрымаў з Руанскай дыяцэзіі, ад якой належаў загінулы. Яны прынялі ўдзел у св. Імшы ў інтэнцыі святара, якую Пантыфік узначаліў у капліцы Дому св. Марты. Як было б добра, калі б усе рэлігіі сцвердзілі, што забіваць ў імя Бога – гэта сатанінская справа, сцвердзіў Папа ў сваёй гаміліі. 

“Ёсць штосьці ў гэтым чалавеку – які добраахвотна прыняў сваё мучаніцтва там, разам з мучаніцтвам Хрыста на алтары – што схіляе мяне да глыбокага разважання: у той цяжкі і трагічны момант, які ён перажываў... будучы пакорным чалавекам, добрым, чалавекам, які будаваў братэрства, ён не згубіў яснасці думак, каб асудзіць і выразна назваць імя забойцы. Ён выразна сказаў: “Адыйдзі, сатана!”, - заўважыў Папа.

Францішак падкрэсліў, што аўтарам пераследу з'яўляецца д’ябал. Як і ў першыя стагоддзі хрысціянства ён патрабуе адрачэння ад веры, але мучанікі, як кс. Жак Амель, не жадаюць здзейсняць гэтага нават коштам уласнага жыцця. Такім чынам, гісторыя паўтараецца, толькі сёння ў Касцёле мучанікаў больш, чым у раннія часы яго існавання, заўважыў Пантыфік.

“Сёння хрысціян забіваюць, падвяргаюць катаванням, знявольваюць, рэжуць, бо яны не выракаюцца Езуса Хрыста. Гэта гісторыя цягнецца аж да айца Жака: ён з’яўляецца часткай ланцугу мучанікаў. Хрысціяне, якія сёння пакутуюць – як у турмах, так і ад смерці і катаванняў – каб не выракацца Езуса Хрыста, дазваляюць убачыць лютасць гэтага пераследу. І гэта лютасць, якая патрабуе адрачэння ад веры з’яўляецца сатанінскай”, - падкрэсліў Папа.

Забойства кс. Жака Амеля адбылося раніцай 26 ліпеня 2016 г. Двое злачынцаў захапілі закладнікаў у касцёле горада Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ. У выніку жорсткага нападу 86-гадовы мясцовы пробашч загінуў, яшчэ некалькі асоб былі сур’ёзна паранены. Тэрарысты былі нейтралізаваны ў ходзе штурму. На літургію ў ватыканскі Дом св. Марты, разам з групай французскіх пілігрымаў, прыбыла таксама родная сястра святара.  








All the contents on this site are copyrighted ©.