2016-09-14 14:51:00

Кардыналы абмеркавалі рэформу Рымскай курыі


Пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, якое прайшло ў Ватыкане 12-14 верасня 2016 г. было прысвечана далейшаму разгляду пытанняў, звязаных з удасканаленнем служэння дыкастэрый Рымскай курыі агульнай місіі Касцёла. Гаворка ішла пра Кангрэгацыі (па справах Духавенства, па справах Біскупаў, Каталіцкай Адукацыі) і Папскую раду спрыяння хрысціянскаму адзінству, паведаміў журналістам кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк.

У ходзе пасяджэння кардынал Марк Уэле пазнаёміў папскіх кансультантаў з працай Кангрэгацыі па справах Біскупаў і Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі, якія ўзначальвае. Акрамя таго, пурпураты шырока разважалі над духоўнымі і пастырскімі патрабаваннямі, неабходнымі сучасным біскупам.

У цэнтры іх увагі было таксама дыпламатычнае служэнне Апостальскай Сталіцы, фармацыя і місія Апостальскіх нунцыяў, з асаблівай увагай на іх вялікую адказнасць за выбар кандыдытаў на біскупскае служэнне. Члены Рады кардыналаў вывучалі таксама тэму “дыяканіі справядлівасці”.

Папскія кансультанты абмеркавалі апошнія крокі зробленыя ў рамках рэформы, у прыватнасці ўстанаўленне Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Сакратарыят па камунікацыі Апостальскай Сталіцы прадставіў Радзе справаздачу аб ажыцяўленні рэформы ў гэтай сферы.

У сваю чаргу прэфект Сакратарыяту па эканамічных пытаннях, кардынал Джордж Пэл і старшыня Папскай камісіі па абароне непаўналетніх кардынал Шон Патрык О’Мэлі распавялі аб актуальнай дзейнасці гэтых структур.

Наступнае пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам пройдзе 12-14 снежня 2016 г.  








All the contents on this site are copyrighted ©.