2016-09-13 10:18:00

Папа памоліцца за забітага ісламістамі святара


Папа Францішак узначаліць св. Імшу ў інтэнцыі забітага ісламістамі французскага святара кс. Жака Амеля. Літургія адбудзецца раніцай 14 верасня 2016 г. у капліцы ватыканскага Дома св. Марты – цяперашняй рэзідэнцыі Пантыфіка, “на знак блізкасці” да сваякоў загінулага святара і ўсёй супольнасці Руана, паведаміў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк.

У св. Імшы прыме ўдзел дэлегацыя з 80 вернікаў з Руанскай дыяцэзіі, якія прыбудуць у Ватыкан у суправаджэнні свайго біскупа Дамініка Лебруна. 

Забойства каталіцкага святара адбылося раніцай 26 ліпеня 2016 г. Двое злачынцаў захапілі закладнікаў у касцёле горада Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ. У выніку жорсткага нападу 86-гадовы мясцовы пробашч, кс. Жак Амель, загінуў, яшчэ некалькі асоб былі сур’ёзна паранены. Тэрарысты былі нейтралізаваны ў ходзе штурму.

Даведаўшыся аб трагедыі папа Францішак скіраваў спецыяльную тэлеграму, у якой запэўніў у сваёй духоўнай і малітоўнай блізкасці і ўдзеле ў болю сем’яў, мясцовай парафіі і Руанскай дыяцэзіі. Забойства кс. Амеля было таксама тэмай размовы Святога Айца з Прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам.








All the contents on this site are copyrighted ©.