2016-09-12 15:40:00

Папа сустрэўся з прадстаўнікамі ахвяр злоўжыванняў святароў


Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 10 верасня 2016 г. Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі двух ахвяр сексуальных злоўжыванняў з боку духавенства ў Італіі, удакладніў кс. Ганс Зольнер, член Папскай камісіі па абароне непаўналетніх. Раней святар памылкова паведаміў, што Папа сустракаўся непасрэдна з асобамі, якія падвергліся насіллю.

Прадстаўнікі ахвяр злоўжыванняў уручылі Пантыфіку дзве кнігі. У першай апавядаецца гісторыя дзяўчыны, якая стала ахвярай дзеянняў сексуальнага характару з боку італьянскага святара, а ў другой – гісторыі кансэкраваных жанчын, якія падвергліся злоўжыванням з боку прадстаўнікоў духавенства. Францішак быў вельмі ўражаны пачутымі сведчаннямі і выказаў жаданне асабіста сачыць за апісанымі яму сітуацыямі.

5-11 верасня 2016 г. у Ватыкане праходзіла пасяджэнне Папскай камісіі па абароне непаўналетніх. Падчас яго гаворка ішла пра ўвядзенне агульнакасцёльнага Дня малітвы за ахвяр сексуальных злоўжыванняў, распрацоўку метадычных матэрыялаў для Біскупскіх Канферэнцый і стварэнне сайту Камісіі.

Кс. Ганс Зольнер адзначыў, што пад эгідай Папскай камісіі па абароне непаўналетніх на працягу апошніх месяцаў у розных частак свету прайшло каля 70-80 сустрэчаў прысвечаных гэтай тэме. Святар лічыць, што на цяперашні момант “Касцёл па-сапраўднаму з’яўляецца самым актыўным і самым важным бокам” у сферы абароны непаўналетніх, дзякуючы сваёй дзейнасці ў сістэме каталіцкай адукацыі, працы з моладзю і сем’ямі.

Папская камісія па абароне непаўналетніх была створана папам Францішкам у сакавіку 2014 г. Ён прыняў гэта рашэнне, працягваючы лінію, узятую Бэнэдыктам XVI. Камісія займаецца распрацоўкай накірункаў дзейнасці ў сферы абароны непаўналетніх, развіццём і пашырэннем нормаў, працэдур і стратэгій з мэтай прадухілення магчымых злоўжыванняў, распрацоўкай выхаваўчых праграм для дзяцей, бацькоў, семінарыстаў, святароў і ўсіх, хто ў Касцёле працуе з непаўналетнімі. Структура супрацоўнічае з грамадзянскімі ўладамі ў справах духавенства і касцёльных супрацоўнікаў, абвінавачаных у злоўжываннях, а таксама з экспертамі ў розных навуках і сферах сацыяльнай дзейнасці з мэтай прафілактыкі злачынстваў. Камісія адказвае за душпастырскі клопат аб ахвярах злоўжыванняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.