2016-09-10 10:23:00

Святы Айцец прыняў дэлегацыю пяцідзесятнікаў


“Адзінства будуецца ў дарозе”, - адзначыў папа Францішак падчас сустрэчы з дэлегацыяй пяцідзесятнікаў. Сем пратэстанскіх пастараў з розных гарадоў Італіі 8 верасня 2016 г. наведалі Ватыкан. Адзін з іх – Джавані Траэціна – даўні сябар Пантыфіка. 

Сустрэча прайшла ў цёплай і сардэчнай атмасферы. Яна пачалася з супольнай малітвы. Затым пастар Траэціна падзякаваў Святому Айцу за стварэнне нагодаў, дзякуючы якім на працягу апошніх гадоў неспадзявана ўмацаваўся дыялогу паміж вызнаўцамі Хрыста. На гэтым шляху фундаментальна важна “прымірыцца дзякуючы нашым супольным караням”, прыводзіць словы пастара ватыканская газета “L’Osservatore Romano”.

З свайго боку папа Францішак падкрэсліў, што патрэбу ў пэўных кроках, напрыклад збліжэннні з вальдэнсамі ці сустрэчы з Патрыярхам Кірылам, ён “адчуў у сэрцы”. Ён адзначыў, што гэта крокі, якія павінны здзейсняцца, каб будаваць адзінства.

Хрысціянам, пасля ўсяго, што аддаліла іх адно ад аднаго, трэба “маліцца, каяцца з таго, што рабілі нядобрага і крочыць разам”, лічыць Папа. Фундаментальнай таксама з’яўляецца здольнасць прабачаць. Калі маем кепскія справы за плячыма трэба прасіць прабачэння. Прабачэнне гэта “стыль Бога”, які “забывае пра ўсё”, дадаў ён.

Летам 2014 г. Святы Айцец наведваў дом пяцідзесятніцкага пастара Джавані Траэціна і яго супольнасць у італьянскай Казэрце. Падчас гэтага візіту Францішак казаў пра важнасць адзінства ў разнастайнасці паміж хрысціянамі і прасіў прабачэння ў пяцідзесятнікаў за пераслед з боку католікаў. Гэта была першая ў гісторыі паездка Папы за межы Рыма выключна для таго, каб сустрэцца з пратэстантамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.