2016-09-10 13:08:00

Папскі дыпламат пра 25-годдзе адраджэння Касцёла ва Украіне


10 верасня 2016 г. у Львове прайшлі галоўныя ўрачыстасці з нагоды 25-годдзя аднаўлення структур Рыма-Каталіцкага Касцёла ва Украіне. Пра значэнне гэтай падзеі Ватыканскаму радыё распавёў Апостальскі нунцый у гэтай краіне арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Ватыканскі дыпламат адзначыў важную ролю св. Яна Паўла ІІ ў адраджэнні мясцовага Касцёла. “Гэта ён жадаў як мага хутчэй вярнуць Касцёлу ва Украіне ўсе яго прававыя структуры. Таксама і сувязь, якая яднала яго з Украінай была вельмі моцнай: ён адчуваў вялікае захапленне і вялікую любоў да гэтай краіны, што прадэманстраваў падчас візіту ў яе ў вельмі складаны момант”, - падкрэсліў прадстаўнік Папы.

Па словах арцыбіскупа Гуджэроцці, Каталіцкі Касцёл займае асабліва важнае месца ва Украіне, паколькі з’яўляецца надзеяй для многіх людзей, якія шукаюць сэнсу жыцця. “Пасля нядаўніх падзей – “аранжавай рэвалюцыі”, Майдану – пытанне пра сэнс жыцця ўзнікае ўсё часцей. Каталіцкі Касцёл у гэты момант адчувае вялікую адказнасць за тое, каб адшукаць тых людзей, якія знаходзяцца ў пошуку і паспрабаваць адказаць на іх пытанні”, - дадаў ён.

Паводле дыпламата, будучыня Касцёла ва Украіне залежыць ад будучыні грамадства. “Калі будзе мір, будзе мір і паміж рэлігіямі. Будзе мір і паміж рэлігійнымі канфесіямі і будзе больш магчымасцяў для паслядоўнага сведчання аб Евангеллі Езуса”, - сказаў ён. Арцыбіскуп падкрэсліў, што будучыня Касцёла ва Украіне залежыць таксама ад яго здольнасці выходзіць насустрач людзям, замест таго, каб чакаць іх. 

“Канешне, сёння Каталіцкі Касцёл – гэта вялікая сіла, якая шукае міру. Такім з’яўляецца жаданне папы Францішка для Касцёла ва Украіне: каб быў мастом, прыладай міру, у тым ліку там, дзе людзі думаюць, што больш няма магчымасцяў для дыялогу”, дадаў ён.

У якасці папскага прадстаўніка на ўрачыстасцях у Львове прысутнічае кардынал Тарчызіа Бэртонэ, былы Дзяржсакратар Святога Айца, а зусім нядаўна краіну наведаў яго наступнік – кардынал Пьетра Паралін. Гэта, паводле арцыбіскупа Гуджэроцці, сведчыць пра тое, што Апостальская Сталіца ўважлівая, заклапочаная і салідарная з Украінай.








All the contents on this site are copyrighted ©.