2016-09-09 14:18:00

Пантыфік: д'ябал жадае знішчыць Касцёл праз грошы і падзелы


Д’ябал выкарыстоўвае два віды зброі, каб знішчыць Касцёл: падзелы і грошы, адзначыў папа Францішак 9 верасня 2016 г. падчас сустрэчы з біскупамі, якія прыбылі ў Ватыкан з тэрыторый, на якіх ажыцяўляецца місіянерская дзейнасць. У Рыме яны прымаюць удзел у вучэбным семінары, арганізаваным Кангрэгацыяй Евангелізацыі Народаў. Усе іерархі маюць не больш за два гады досведу біскупскага служэння.

Святы Айцец заклікаў сваіх гасцей быць пільнымі, каб евангелізацыі не перашкаджалі падзелы, якія ўжо існуюць ці могуць узнікнуць. “Падзелы – гэта зброя, якой д’ябал найбольш карыстаецца, каб знішчыць Касцёл знутры. Ён мае два віды зброі, але галоўная – гэта падзелы. Другая – грошы. Д’ябал уваходзіць праз кішэні і знішчае языкамі, праз плёткі, якія ствараюць падзелы”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што пляткарства пагражае адзінству Касцёла. Ён параўнаў гэту з’яву з тэрарызмам. “Пляткар – гэта тэрарыст, які кідае бомбу – плёткі – каб забіваць”, - вобразна заўважыў Папа.

Пантыфік заклікаў біскупаў не баяцца выходзіць і шукаць “самых далёкіх і згубленых” авечак, дапамагаць “цёплым” і непрактыкуючым хрысціянам нанова адкрыць радасць веры. У місіянерскай дзейнасці трэба таксама разлічваць на ўнёсак свецкіх вернікаў, дадаў Святы Айцец.

Па словах Папы, кожны святар павінен адчуваць блізкасць свайго біскупа. “Калі біскуп чуе тэлефонны званок ці атрымлівае ліст, павінен адказаць неадкладна! Неадкладна! У той жа дзень, калі магчыма”, - сказаў Францішак і дадаў, што такія блізкія адносіны з біскупам павінны пачынацца ў святароў яшчэ з семінарыі. “Самы блізкі чалавек для біскупа – гэта прэзбітэр”, - падкрэсліў Папа.

Вучэбны семінар для біскупаў з місійных тэрыторый, якія атрымалі сакру на працягу двух апошніх гадоў праходзіць 4-17 верасня ў Рыме. У форуме прымае ўдзел 94 іерархі з 19 краін Афрыкі, Азіі, Амерыкі і Акіяніі.








All the contents on this site are copyrighted ©.