2016-09-08 15:27:00

Францішак: экуменізм крыві ўмацоўвае шлях да адзінства


“Экуменізм крыві апярэджвае ўсялякія супярэчнасці і ўмацоўвае шлях да адзінства”, - нагадаў папа Францішак у тэлеграме да ўдзельнікаў ХХIV Міжнароднага экуменічнага сімпозіума па праваслаўнай духоўнасці, які праходзіць 7-10 верасня 2016 г. у манаскай супольнасці ў Бозэ, на поўначы Італіі. 

Тэма сёлетняга форума: “Мучаніцтва і адзінства”. Апостальскую Сталіцу на ім прадстаўляе старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох.

У тэлеграме, скіраванай праз кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна, Святы Айцец запэўніў удзельнікаў сімпозіума ў сваім благаслаўленні і пажадаў, каб форум стаў нагодай для “братэрскай сустрэчы, шчырага абмену думкамі, супольнага слухання Божага слова і паглыблення ведаў аб духоўнай традыцыі Праваслаўных Цэркваў”.

Акрамя папы Францішка свае прывітанні ўдзельнікам экуменічнага сімпозіума скіравалі: Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Іларыён, прадстаяцель Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Кіеўскі Ануфрый.








All the contents on this site are copyrighted ©.