2016-09-06 11:44:00

Прадстаўнік Святога Пасаду на міністэрскай сустрэчы АБСЕ


Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер прыняў удзел у нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў дзяржаў-удзельніц Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якая прайшла 1 верасня 2016 г. у Патсдаме па ініцыятыве Дзеючага старшыні АБСЕ Федэральнага міністра замежных спраў Германіі Франка-Вальтера Штайнмаера.

Мерапрыемства праходзіла ў рамках падрыхтоўкі да сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзяржаў-удзельніц АБСЕ, якая пройдзе 8-9 снежня 2016 г. у Гамбрургу, каб даць імпульс дыялогу паміж удзельнікамі гэтай арганізацыі адносна выклікаў еўрапейскай бяспекі і вырашэння актуальных пытанняў: бежанцаў і мігрантаў, украінскага крызісу і “замарожаных канфліктаў”, а таксама ўмацавання самой АБСЕ, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Залы Друку Святога Пасаду. 

У рамках свайго візіту ў Германію ватыканскі дыпламат наведаў сядзібу Фонда імя Конрада Адэнаўэра ў Берліне, з членамі якога абмеркаваў некаторыя міжнародныя праблемы, сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў некаторых краінах і дзейнасць Апостальскай Сталіцы на міжнароднай арэне.

Арцыбіскуп Галахер наведаў парламент Германіі і сустрэўся з старшынёй Камітэта па замежных справах Бундэстага Норбертам Рётгенам.

Прадстаўнік Святога Пасаду таксама меў магчымасць сустрэчы з старшынёй Фонда прускай культурнай спадчыны прафесарам Германам Парцынгерам, дырэктарам Музея мусульманскага мастацтва прафесарам Стэфанам Вэберам, прыняўшы удзел экскурсіі па гэтым музеі, якую правялі некаторыя сірыйскія і іракскія бежанцы – ўдзельнікі інтэграцыйнага праекту “Multaka”.








All the contents on this site are copyrighted ©.