2016-09-03 12:09:00

Пантыфік: міласэрнасць выяўляецца ў канкрэтных жэстах


Хрысціянін не можа абыякава праходзіць побач з патрабуючым дапамогі чалавекам і думаць, што яго сумленне ў парадку, толькі таму што ён памаліўся ці схадзіў на Імшу ў нядзелю, адзначыў папа Францішак падчас спецыяльнай аўдыенцыі ў Ватыкане, якая прайшла 3 верасня 2016 г. з нагоды Юбілею работнікаў і валанцёраў дабрачынных арганізацый.

Спасылаючыся на словы з гімну любові апостала Паўла (1Кар 13,1-13), якія назваў “самымі прыгожымі і вымагаючымі старонкамі для сведчання нашай веры”, Францішак падкрэсліў, што “у нашым жыцці і гісторыі свету заўсёды будзе дастаткова Божай любові”. “Чым больш дазваляем гэтай любові ахапіць нас, тым больш перараджаецца наша жыццё”, - дадаў ён.

“Любоў, пра якую кажа апостал, гэта не штосьці абстрактнае і шырокае, а наадварот – гэта любоў бачная, да якой можна дакрануцца і якую можа адчуць асабіста. Самая вялікая форма гэтай любові – гэта Езус. Уся Яго асоба і ўсё Яго жыццё – гэта нішто іншае, як канкрэтнае праяўленне любові Айца, аж да дасягнення кульмінацыйнага моманту: “Бог даказвае сваю любоў да нас тым, што Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі” (Рым 5,8). З Кальварыі, дзе пакуты Божага Сына дасягнулі сваёй самай высокай кропкі, б’е ключом крыніца любові, якая змывае ўсе грахі і ўсё ператварае ў новае жыццё”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў заўсёды памятаць пра бясконцую і дзейсную любоў Хрыста. “Любоў, такім чынам – гэта найвышэйшы выраз усяго жыцця і яна дазваляе нам існаваць!”, - сцвердзіў Папа.

“Касцёл ніколі не можа дазволіць сябе паступаць, як святар і левіт у адносінах да чалавека, пакінутага ледзь жывым пасярод дарогі (пар. Лк 10, 25-36). Не можа ўбіраць позірк ці адварочвацца ў іншы бок, каб не бачыць шматлікіх формаў беднасці, патрабуючых міласэрнасці. Адварочвацца ў іншы бок, каб не бачыць голаду, хваробаў, людзей, якія падвяргаюцца эксплуатацыі – гэта цяжкі грэх! Гэта грэх сучасны, грэх сённяшняга дня! Мы, хрысціяне не можам дазволіць сабе гэтага! Нягожа ні Касцёлу, ні хрысціяніну “праходзіць побач” і меркаваць, што сумленне ў парадку, толькі таму што памаліліся ці таму што схадзілі на Імшу ў нядзелю!”, - сказаў Папа. 

Кальварыя, па словах Францішка, заўсёды актуальная – яна нікуды не знікла і “не з’яўляецца толькі цудоўнай выявай у нашых касцёлах”. Гэтая вяршыня спачування, з якой  выліваецца Божая любоў да чалавечай убогасці, прамаўляе таксама і ў нашыя дні і падштурхоўвае даваць заўсёды новыя знакі міласэрнасці, падкрэсліў ён.

“Я ніколі не стамлюся паўтараць, што Божая міласэрнасць – гэта не прыгожая ідэя, але канкрэтная дзейнасць. Няма міласэрнасці без канкрэтнасці. Міласэрнасць - гэта не чыненне дабра мімаходам. Гэта занурэнне туды, дзе ёсць боль, хвароба, голад, выкарыстанне людзей. Таксама і чалавечая міласэрнасць не стане міласэрнасцю пакуль не дасягне сваёй канкрэтнасці ў штоздзённых учынках. Папярэджанне апостала Яна заўсёды будзе каштоўным: “Дзеці, не будзем жа любіць словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю”. Праўда міласэрнасці, на самой справе, выяўляецца ў нашых штодзённых жэстах, якія робяць відавочнай дзейнасць Бога сярод нас”, - сказаў Папа.

Па словах Святога Айца “свет мае патрэбу ў канкрэтных жэстах салідарнасці, асабліва перад абліччам спакусы раўнадушша, а таксама патрабуе людзей, здольных сваім жыццём супрацьстаяць індывідуалізму, засяроджанасці на саміх сябе і абыякавасці да патрабуючых братоў”.

На заканчэнне катэхезы Францішак нагадаў, што 4 верасня адбудзецца кананізацыя Маці Тэрэзы з Калькуты. “Яе сведчанне міласэрнасці нашых часоў дадаецца да незлічонага шэрагу мужчын і жанчын, якія дзякуючы сваёй святасці зрабілі відавочнай любоў Хрыста. Будзем таксама і мы наследаваць іх прыклад і папросім быць пакорнымі прыладамі ў руках Бога, каб аблягчаць пакуты свету і дарыць радасць і надзею ўваскрасення”, - заклікаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.