2016-09-02 10:01:00

“Renovabis”: трэба будаваць “жывы” Касцёл


2 верасня 2016 г. у нямецкім Фрайзінгу завяршаецца ХХ Міжнародны кангрэс “Renovabis”. Сёлета на форуме разважалі аб ролі манаскіх супольнасцяў у грамадствах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Законнiцы и законнiкі, сыходзячы з тэмы, былі галоўнымі дзеючымі асобамі: не толькі ўдзельнічалі ў дыскусіі, але і прэзентавалі свае магчымасці, падзялілася ўражаннямі сястра Антонія з Кангрэгацыі сясцёр назарэтанак, якая працуе ў Гродзенскай курыі.

“Першы раз прысутнічаю на такім кангрэсе, для мяне гэта нешта новае і цікавае. Таксама была малітва ва ўсходнiм абрадзе, мне было прыемна, думкамі я вярнулася на радзіму, таму што малітва падобна да абраду праваслаўнага,” – сказала сястра Антонія.
 
Аб тым, што такія сустрэчы неабходны, казаў амаль кожны з удельнікаў. Тут была магчымасць не толькі абмеркаваць унёсак кансэкраваных асоб у сусветнае грамадства, але і паразважаць над развіццём кожнага з прадстаўленых напрамкаў у асобна ўзятай краіне. Айцец Алег з’яўляецца кусташам беларускай кустодыі братоў-капуцынаў і лічыць, што яго супольнасць у Беларусі мае добрыя перспектывы развіцця.

“Маё меркаванне вельмі пазітыўнае. Вядома, кансэкраванае жыццё не развіваецца тэмпамі гігантычнымі, але кансэкраваныя асобы ў Беларусі маюць значную ролю ў развіцці Каталіцкага Касцёла. Дынамікай развіцця капуцынаў, у прыватнасці, я задаволены і бачу будучыню. А на перспектыву капуцыны ў Беларусі павінны задумацца над развіццём свайго харызмата, а таксама над уласным фармаваннем будучага пакалення братоў”, - лічыць святар.  
 
Беларуская дэлегацыя шмат гадоў нязменна прысутнічае ў спісе ўдзельнікаў кангрэса, тым больш, што тэма цяпер – як ніколі хвалюючая менавіта прадстаўнікоў рэлігійных структур пастсавецкіх краін. Як адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі адраджэнне Касцёла ў Беларусі пасля сацыяльна-палітычных перамен канца XX стагоддзя немагчыма было без прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў. Тады яны бралі пад апеку дзесяткі парафій і дапамагалі іх адраджаць, дзесяткі пабудаваных храмаў на ліку і сёння. Але ёсць над чым яшчэ працаваць, у тым ліку з дапамогай кансэкраваных асоб, лічыць беларускі іерарх.

“Перад намі, як і кожным Касцёлам, не толькі ў Беларусі, стаіць шмат новых выкілiкаў, і наперадзе доўгая і цяжкая дарога. У Беларусі выклік  - не толькі будаваць “жывы” Касцёл, але і матэрыяльную базу ўмацоўваць. Трэба гэта прадаўжаць, і ў манаскіх супольнасцяў гэта добра і паспяхова адбываецца. Але трэба сёння яшчэ больш працаваць над будаваннем Касцёла “з чалавечых сэрцаў”, і у гэтым сэнсе дапамога супольнасцяў будзе яшчэ большай. І мой запавет такі: не стрымліваць тэмпу і, як казаў папа Францішак, “апранаць абутак і ісці да людзей”, - сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Сёлетні Кангрэс 20-ы, юбілейны, стаў сваеасаблівай справаздачай развіцця манаскіх супольнасцяў за апошнія 20 гадоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.