2016-09-02 13:48:00

Кардынал: Папа заклікае да пакаяння ў грахах супраць прыроды


Пакорна прызнацца ў шкодзе, якую чынім планеце праз забруджванне, разбурэнне экасістэм, знішчэнне біяразнастайнасці і ўплыў на кліматычныя змены, якія з году ў год становяцца ўсё больш небяспечнымі, заклікаў кардынал Пітэр Тарксан падчас прэзентацыі паслання папы Францішка на Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, якая прайшла 1 верасня 2016 г. у Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

Старшыня Папскай Рады “Iustitia et pax” і прэфект новастворанай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека нагадаў, што Святы Айцец заклікае да “ўсведамлення нашага граху супраць стварэння, бедных і тых, хто яшчэ не нарадзіўся”. “Калі наносім шкоду зямлі – наносім шкоду бедным, бясконца любімым Бога. Трэба зрабіць рахунак нашых сумленняў і пакаяцца. Гэта грахі, якія да гэтага часу мы не прызналі і не вызналі”, - сказаў ён.

Па словах кардынала, рахунак сумлення павінен адбывацца не толькі за “індывідуальныя слабасці”, але таксама адносіцца да “інстытуцыйнага ўзроўню”. “Экалагічнае навяртанне тычыцца таксама навяртання супольнасці. Неабходна навяртанне нашых структур: эканамічных, палітычных і ўсіх асяроддзяў. Нарэшце, патрэбна падтрымліваць усё тое, што папа Францішак называе “адукацыяй грамадзянскай экалогіі”, - заўважыў пурпурат.

Кардынал Тарксан нагадаў, што Святы Айцец дадаў да традыцыйнага спісу хрысціянскіх учынкаў міласэрнасці для душы і для цела бліжняга яшчэ адзін – “клопат аб супольным доме”. Ён назваў гэты ўчынак “рэвалюцыйным і прароцкім, экуменічным і экалагічным”. “Можна сказаць, што гэта самы высокі ўчынак міласэрнасці, таму што ахоплівае і ўключае ў сябе ўсе іншыя: гэта сучасны ўчынак міласэрнасці для сучаснай эпохі, якая, аднак, пакутуе”, - сказаў ён.

Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння адзначаўся 1 верасня 2016 г. У адмысловым пасланні на яго Святы Айцец нагадаў, што людзі пакліканы быць міласэрнымі да навакольнага асяроддзя, прызнаць і вызнаць грахі супраць прыроды і змяніць лад жыцця. 








All the contents on this site are copyrighted ©.