2016-08-31 16:51:00

Святы Айцец: Езус збаўляе адрынутых грамадствам


Езус збаўляе адрынутых грамадствам, нясе ім вызваленне і вяртае ім годнасць, сказаў папа Францішак 31 жніўня 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. 

У сваім разважанні Пантыфік спаслаўся на евангельскае апавяданне пра аздараўленне жанчыны хворай на крывацёк (Мц 9,20-22). Па словах Папы, яе пакуты насілі як духоўны, так і фізічны характар, паколькі яна была выключана з усіх чалавечых адносін. 

“Гэты выпадак заклікае нас задумацца пра тое, якім чынам жанчыны часта ўспрымаюцца і прадстаўляюцца. Мы ўсе, у тым ліку хрысціянскія супольнасці, павінны быць уважлівымі перад абліччам пазначанага забабонамі і недаверу бачання жаноцкасці і нападаў на недатыкальную годнасць жанчын. У такім сэнсе менавіта Евангелле аднаўляе праўду і вядзе да вызваляючага пункту гледжання. Езус захапляўся верай гэтай жанчыны, якой ўсе пагарджалі і перамяніў яе надзею ў збаўленне”, - сказаў Папа.

Па словах Святога Айца, у сустрэчы з Хрыстом адкрываецца шлях збаўлення для ўсіх людзей, незалежна ад месца іх пражывання ці ўзросту.

Каментуючы паставу Езуса пры аздараўленні жанчыны, Францішак заўважыў, што Хрыстус прыняў яе “з міласэрнасцю і пяшчотай”, як адносіцца да ўсіх людзей, якія адчуваюць сябе адрынутымі па прычыне грахоў.

“Сёння ўсім нам, вялікім ці маленькім грэшнікам, якімі мы з'яўляемся, Пан кажа: “Адважней! Прыходзь! Ты больш не адрынуты і не адрынутая: я цябе прабачу, я цябе адбыму”. Такая міласэрнасць Бога. Мы павінны мець адвагу і прыйсці да Яго, папрасіць прабачэння за нашы грахі і ісці наперад! З адвагай, як гэта жанчына”, -  сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што вельмі часта адрынутыя грамадствам людзі, як напрыклад пракажонныя ці бяздомныя, адчуваюць сорам і імкнуцца ўсё рабіць незаўважна для іншых. Езус жа, паводле яго слоў, уздымае іх на ногі і вяртае згубленую годнасць.

“Езус, яшчэ раз, сваёй поўнай міласэрнасці паставай, указвае Касцёлу маршрут, якім трэба прайсці, каб выйсці насустрач кожнаму чалавеку, каб кожны мог быць аздароўлены целам і душой і аднавіць сваю годнасць дзіцяці Божай”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Вітаючы прысутных на ватыканскай плошчы пілігрымаў Папа асаблівым чынам звярнуўся да вернікаў з Блізкага Усходу. “”Калі чалавечая надзея знікае і ўсё здаецца немагчымым, узыходзіць сонца Божай надзеі для тых, хто нягледзячы на цемру выпрабаванняў, захоўвае запаленым полымя сваёй веры!”, - сказаў ён.

На заканчэнне аўдыенцыі Святы Айцец удзяліў усім сабраным сваё Апостальскае благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.