2016-08-30 13:06:00

Хрысціяне Еўропы памоляцца аб ахове стварэння


Хрысціяне ўсіх прысутных на еўрапейскім кантыненце Цэркваў заклікаюцца злучыцца ў малітве за стварэнне, гаворыцца ў апублікаваным 30 жніўня 2016 г. звароце Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССEE), Канферэнцыі Цэркваў Еўропы (КЕК) і Еўрапейскай хрысціянскай сеткі аховы навакольнага асяроддзя (Ecen).

“Мы павінны адказаць на тэрміновыя выклікі перад абліччам пагаршэння стану навакольнага асяроддзя і кліматычных зменаў і падбадзёраныя словамі энцыклікі папы Францішка “Laudato si’” прызнаць нашу супольную адказнасць”, - гаворыцца ў супольным паведамленні арганізацый.

“Згодна з Евангеллем, адказнасць за навакольнае асяроддзе ніколі не можа быць адлучана ад адказнасці за іншых людзей: за нашага бліжняга, за бедных або забытых і ўсё гэта ў духу салідарнасці і любові. Паважаць стварэнне не азначае толькі ахоўваць і даглядаць зямлю, ваду і іншыя кампаненты свету прыроды. Гэта значыць таксама выяўляць павагу да людзей з якімі падзяляем гэтыя дары і якія нясуць за іх адказнасць”, - адзначаецца ў дакуменце.

Падчас нядзельнай сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” папа Францішак таксама нагадаў, што 1 верасня 2016 г. Каталіцкі Касцёл разам з "братамі праваслаўнымі і іншымі рэлігійнымі супольнасцямі” будзе адзначаць Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння. “Гэта стане нагодай для ўмацавання супольных намаганняў на карысць аховы жыцця, павагі да навакольнага асяроддзя і прыроды”, - сказаў Святы Айцец.

З нагоды Сусветнага дня малітвы аб ахове стварэння Пантыфік узначаліць урачыстыя Нешпары ў базыліцы св. Пятра.

Клопат аб абароне прыроды з’яўляецца адной з важных рысаў цяперашняга пантыфікату. Другая энцыкліка Францішка “Laudato si’”, апублікаваная 18 чэрвеня 2015 г. была прысвечана менавіта праблемам экалогіі і з’яўляецца першым у гісторыі падобным папскім дакументам на гэту тэму.








All the contents on this site are copyrighted ©.