2016-08-29 13:17:00

Кардынал Паралін пра выклікі сучаснай дыпламатыі


Бліжэйшы супрацоўнік Папы заклікае да змены дыпламатычных парадыгмаў. Трэба, каб дыпламатыя была ўважлівай не толькі да бакоў канфліктаў – рэгулярных армій, больш ці менш законных фарміраванняў – але таксама і да ахвяр супрацьстаянняў. Яны не могуць станавіцца толькі лічбамі, якія падводзяцца пасля ўжывання зброі ці падчас перамір’я, заўважыў кардынал Пьетра Паралін.

Кіраўнік дыпламатыі Апостальскай Сталіцы прачытаў адкрытую лекцыю ў рамках культурнай ініцыятывы “Ватыканскае выдавецтва ў Пардэноне”. Візіт Дзяржсакратара ў гэты італьянскі горад праходзіў 27-28 жніўня 2016 г.

“Перад абліччам насілля, адмаўлення ад справядлівасці, адчужэння, войнаў, як адзінага адказу на праблемы суіснавання, дыпламатыя здаецца забыла пра сваю прыроду, як рэсурса здольнага ліквідаваць разрывы ў адносінах і суіснаванні супольнасці народаў”, - заўважыў пурпурат.

На думку кардынала Параліна, дыпламатыя павінна вярнуцца да сваёй першапачатковай мэты: спрыяць вырашэнню супярэчнасцяў паміж дзяржавамі да пачатку іх узброеннага супрацьстаяння. Для гэтага неабходна “творчая адвага”, здольнасць пераўзыходзіць рамкі “звычайнага або простага паўтарэння традыцыйных клішэ”. Дыпламатыя зноў павінна стаць “мастацтвам магчымага”, дадаў ён.

“Для Апостальскай Сталіцы дыпламатыя азначае не нейтральнасць, але сапраўднае супрацьстаянне ў евангельскім сэнсе, якое здзейсняецца з кампетэнтнасцю, з мэтай дасягнення справядлівасці, але таксама з міласэрнасцю”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Папы. 

Кардынал Паралін мае вялікі дыпламатычны досвед. Да прызначэння на пасаду Дзяржсакратара ён быў Апостальскім нунцыем у Венесуэле. Прымаў удзел у перамовах Апостальскай Сталіцы з Ізраілем, В’етнамам і Кітаем. 








All the contents on this site are copyrighted ©.