2016-08-27 11:59:00

Па прычыне землятрусу зменена праграма "Юбілею валанцёраў"


У сувязі з землятрусам, які адбыўся ў цэнтральнай Італіі, былі ўнесены змены ў праграму Юбілею работнікаў і валанцёраў дабрачынных арганізацый, які пройдзе ў рамках Году Міласэрнасці ў Рыме. У прыватнасці было адменена запланаванае на вечар 3 верасня 2016 г. святочнае мерапрыемства, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Папскай рады па новай евангелізацыі, апублікаваным 26 жніўня 2016 г. на сайце Юбілею.

Апостальская Сталіца заклікае да духоўнай блізкасці з шматлікімі сем’ямі, якія  “пакутуюць ад раптоўнай згубы сваіх блізкіх, разбурэння сваіх дамоў і няўстойлівасці прыродных умоваў”. 

У сувязі з землятрусам 27 жніўня ў Італіі праходзіць Дзень нацыянальнай жалобы. У пахаванні ахвяр трагедыі прынялі ўдзел Прэзідэнт краіны Серджа Матарэла і прэм’ер-міністр Матэа Рэнцы. На цяперашні час вядома пра 294 загінуўшыя і больш за 300 параненыя асобы. 238 чалавека дасталі з-пад завалаў жывымі. 

Юбілей работнікаў і валанцёраў дабрачынных арганізацый, прымеркаваны да Году Міласэрнасці, пройдзе 2-4 верасня 2016 г. Яго ўдзельнікі будуць мець магчымасць прыступіць да сакрамэнту споведзі, пазнаёміцца з дзейнасцю розных каталіцкіх дабрачынных структур, прайсці праз Святыя Дзверы ватыканскай базылікі. 3 верасня яны прымуць удзел у спецыяльнай аўдыенцыі з папам Францішкам. Кульмінацыяй святкавання стане кананізацыя Маці Тэрэзы з Калькуты, якую 4 верасня Пантыфік здзейніць на галоўнай ватыканскай плошчы.

Год Міласэрнасці праходзіць у Каталіцкім Касцёле з 8 снежня 2015 г. па 20 лістапада 2016 г. 








All the contents on this site are copyrighted ©.