2016-08-26 10:54:00

Папа маліўся з кляўзуровымі законніцамі


Францішак памаліўся за ахвяр землятрусу ў цэнтральнай Італіі разам з кляўзуровымі законніцамі. Гаворка ідзе пра групу кларысак з кляштару Санта-Марыя-дзі-Валеглорыя ў Спэла, на тэрыторыі італьянскай дыяцэзіі Фаліньё. Яны прыбылі ў Ватыкан раніцай 25 жніўня на Эўхарыстыю з Пантыфікам у Доме св. Марты.

У сваёй гаміліі Папа заклікаў законніц не шукаць нічога іншага, акрамя Божых дароў. “Мы багатыя, як кажа св. Павел, усімі дарамі Пана”, а праблемы пачынаюцца, “калі шукаем іншых багаццяў”, па-за тымі, што паходзяць ад Бога, заўважыў Святы Айцец. 

Паводле яго слоў, у такім выпадку “губляецца шлях”. Напрыклад “манаская супольнасць знаходзіцца ў заняпадку, калі пачынае прывязвацца да грошай”, сказаў ён. Губляецца багацце дароў Пана і стаўка робіцца на тое багацце, якім можна “распараджацца”. Але “багацце дароў – бескарыснае і прыходзіць, калі Ён гэтага хоча”, дадаў Пантыфік.

Святы Айцец таксама нагадаў законніцам пра важнасць хрысціянскага сведчання. “Вы з’яўляецеся кляўзуровымі сёстрамі і ніхто вас не бачыць”, але людзі распазнаюць гэта сведчанне: “Сваім жыццём і малітвай вы сееце жыццё Хрыста ў іншых”. Паводле слоў Папы, сведчыць, азначае казаць: “Я выбраў гэта і не патрабую іншых рэчаў”.

Францішак адзначыў важнасць місіі кляўзуровых манаскіх супольнасцяў. “Людзі ведаюць, што тут ёсць кансэкраваныя жанчыны, якія моляцца, якія падтрымліваюць Касцёл сваімі малітвамі і гэта з’яўляецца сведчаннем”, - сказаў Папа.

Святы Айцец назваў законніц сейбіткамі надзеі, паколькі яны з надзеяй чакаюць Езуса, на падабенства евангельскіх паннаў. Папа заклікаў іх не баяцца крыху “заснуць”. Галоўнае “мець алей надзеі, надзею на тое, што Ён прыйдзе”, дадаў Францішак. 

Пантыфік нагадаў, што надзея з’яўляецца крыніцай радасці. “Цудоўна, калі бачыш радасную законніцу, з радасным тварам, а не смутным, “воцатным”. Сапраўды, “Пан вас паклікаў да шчасця”, сказаў ён.

Супольнасць сясцёр-кларысак з кляштару Санта-Марыя-дзі-Валеглорыя ў Спэла, моцна пацярпела ад землятрусу ў 1997 г. Будынак іх манастыра быў цалкам разбураны і яны былі вымушаны жыць і маліцца ў намётах, а затым у кантэйнеры на тэрыторыі кляшторнага саду. Толькі праз чатырнаццаць гадоў законніцы змаглі вярнуцца ў свае келлі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.