2016-08-26 15:30:00

Бліжэйшы супрацоўнік Папы: Ян Павел І – апостал Сабору


Ян Павел І быў “апосталам Сабора”, які добра зразумеў, што значыць “блізкасць Касцёла да людзей”, адзначыў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 26 жніўня 2016 г. з нагоды 38-годдзя абрання кардынала Альбіна Лючані на пасад Біскупа Рыма.

Літургія прайшла ў касцёле св. Яна Хрысціцеля ў родным горадзе Яна Паўла І – Канале-д’Агорда, у дыяцэзіі Белуна-Фельтры, на поўначы Італіі. Тут жа бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца ўзначаліў цырымонію адкрыцця музея, прысвечанага гэтаму Папу.

У сваёй гаміліі кардынал Паралін, нагадаў, што Альбіна Лючані правёў маладосць на зямлі, дзе пробашчы, “былі блізкімі да людзей і з’яўляліся кропкай апоры не толькі ў рэлігійнай сферы, але таксама і сацыяльнай, згодна з сацыяльным навучаннем Касцёла”. Гэта, паводле слоў пурпурата, аказала уплыў на будучага Папу.

Падчас канклаву 1978 г. кардыналы выбіралі чалавека “з моцнай верай, які жыў у аўчарні і для аўчарні”, блізка да бедных і мігрантаў. “Кардыналы з усяго свету прагнулі айца, напоўненага чалавечай і спакойнай мудрасцю і моцнымі евангельскімі цнотамі, эксперта ў ранах сучаснага чалавека і патрэбах бясконцай колькасці адрынутых, якія жывуць за рамкамі дабрабыту. Яны выбралі святара, веруючага ў моц малітвы, здольнага з любоўю кінуць выклік абыякавасці”, - сказаў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.

Альбіна Лючані нарадзіўся 17 кастрычніка 1912 г. у Канале-д'Агорда. З 1958 г. быў пастырам дыяцэзіі Віторыё-Вэнэта, а з 1969 г. – Патрыярхам Венецыі. У 1973 г. атрымаў кардынальскую годнасць, а яшчэ праз пяць гадоў – 26 жніўня 1978 г. абраны на Пасад св. Пятра. Раптоўна памёр 28 верасня 1978 г.

У 2003 г. пачаўся беатыфікацыйны працэс гэтага Папы, які зараз знаходзіцца на канчатковым этапе. Асаблівую каштоўнасць у гэтым працэсе мае сведчанне, якое пажадаў скласці Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI. У 2004 г., будучы прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, Ёзэф Ратцынгер публічна прызнаўся, што ўжо моліцца праз заступніцтва Яна Паўла І, як праз заступніцтва святога.








All the contents on this site are copyrighted ©.