2016-08-26 12:29:00

Абвешчана тэма Сусветнага дня міру


“Ненасілле: стыль палітыкі для міру” – так гучыць тэма паслання папы Францішка на бліжэйшы Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца 1 студзеня 2017 г., паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

У спецыяльным паведамленні, апублікаваным 26 жніўня 2016 г. адзначаецца, што “насілле і мір знаходзяцца ў аснове двух супрацьлеглых спосабаў будавання грамадства”. “Павелічэнне ачагоў насілля стварае цяжэйшыя і адмоўныя сацыяльныя наступствы”, якія Святы Айцец абагульняе выразам “фрагментальная Трэццяя Сусветная вайна”. 

Мір, аднак, “мае станоўчыя наступствы і дазваляе рэалізаваць сапраўдны прагрэс”. Таму “неабходна праз перамовы шукаць шляхі міру, у тым ліку там, дзе яны падаюцца пакручастымі і нават нездзейсняльнымі”, гаворыцца ў ватыканскім паведамленні.

Такім чынам, “адмаўленне ад насілля можа прымаць больш шырокае і новае значэнне: не толькі памкнення, натхнення, маральнага адмаўлення ад насілля, перашкод, дыструктыўных імпульсаў, але таксама рэалістычнага палітычнага падыходу, адкрытага на надзею”, адзначаецца ў камюніке.

Падкрэсліваецца, што гаворка ідзе пра палітычную сістэму, якая абапіраецца на прымат права. “Калі правы і годнасць кожнага чалавека абараняюцца без дыскрымінацый і розніцы, то адмаўленне ад насілля, якое разумеецца як палітычны метад, можа быць рэальным спосабам для пераадолення ўзброенных канфліктаў”. У такой перспектыве важна, каб усё больш прызнавалася сіла права, а не права сілы.

Апостальская Сталіца адзначае, што ў падрыхтаваным пасланні папа Францішак намераны ўказаць шлях надзеі, які падыходзіць для цяперашніх гістарычных умоваў, а менавіта прапануе “дасягнуць вырашэння супярэчнасцяў праз перамовы, не дазваляючы ім перарасці ва ўзброеныя канфлікты”.

За гэтай перспектывай знаходзіцца таксама павага да культур і ідэнтычнасцяў народаў, перамога над ідэяй, згодна з якой адзін бок маральна вышэйшы за іншы. “Гэта, аднак, не азначае, што пэўная краіна можа быць абыякавай да трагедыі іншай. Але азначае прызнанне першаснасці дыпламатыі перад сутыкненнем зброі. Сусветны гандль зброяй настолькі шырокі, што з’яўляецца паўсюдна недаацэненым. Гэта нелегальны гандль зброяй падтрымлівае мноства канфліктаў у свеце. Адмаўленне ад насілля, як палітычны стыль, можа і павінна шмат зрабіць, каб стрымаць гэтае бедства”, - гаворыцца ў паведамленні Залы Друку Святога Пасаду.

Сусветны дзень міру быў устаноўлены папам Паўлам VI у 1967 г. і будзе адзначацца ўжо ў пяцідзесяты раз. Пасланне Святога Айца, якое традыцыйна публікуецца на пачатку снежня кожнага года, рассылаецца ў канцэлярыі кіраўнікоў дзяржаў ва ўсім свеце і вызначае дыпламатычную лінію Апостальскай Сталіцы на год, які пачынаецца. 








All the contents on this site are copyrighted ©.